Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Выхад 5 Выхад 5 раздзел

1 І потым прыйшлі Майсей і Аарон, і сказалі фараону: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Адпусьці народ Мой, і яны будуць сьвяткаваць [сьвята] Мне ў пустыні”».
2 І сказаў фараон: «Хто такі ГОСПАД, каб я паслухаў голасу Ягонага адпусьціць Ізраіля? Я ня ведаю ГОСПАДА і таксама Ізраіля не адпушчу».
3 І яны сказалі: «Бог Гебраяў зьявіўся нам. Дык мы пойдзем на тры дні дарогі ў пустыню, і складзем ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму, каб Ён не наведаў нас пошасьцю або мячом».
4 І сказаў ім валадар Эгіпту: «Навошта вы, Майсей і Аарон, адцягваеце народ ад працы ягонай? Ідзіце да работаў вашых».
5 І сказаў фараон: «Вось, шматлікі цяпер народ зямлі гэтай, а вы адцягваеце іх ад работаў іхніх».
6 І загадаў фараон у той дзень прыганятым народу і наглядчыкам яго, кажучы:
7 «Не давайце больш народу саломы на выраб цэглы, як учора і пазаўчора. Няхай яны ідуць і зьбіраюць сабе салому.
8 А колькасьць цэглы, якую яны выраблялі ўчора і пазаўчора, налажыце на іх і не зьмяншайце яе; бо яны лянуюцца і таму крычаць, кажучы: “Пойдзем, складзем ахвяру Богу нашаму”.
9 Няхай абцяжарыць праца людзей, і няхай яны працуюць і ня слухаюць словаў хлусьлівых».
10 І выйшлі прыганятыя народу і наглядчыкі яго, і сказалі народу, кажучы: «Гэтак кажа фараон: “Не даю вам саломы.
11 Самі ідзіце, бярыце сабе салому, дзе знойдзеце, бо нічога ня зьменшыцца ў працы вашай”».
12 І расьсеяўся народ па ўсёй зямлі Эгіпецкай зьбіраць іржышча замест саломы.
13 А прыганятыя прынукалі, кажучы: «Выконвайце працу вашую, норму дзённую ў той самы дзень, як тады, калі была салома».
14 І білі наглядчыкаў сыноў Ізраіля, якіх паставілі над імі прыганятыя фараона, кажучы: «Чаму ня выканалі норму вырабу цэглы, што была ўчора і пазаўчора, ані ўчора, ані сёньня?»
15 І прыйшлі наглядчыкі сыноў Ізраіля, і крычалі да фараона, кажучы: «Чаму ты так робіш адносна слугаў тваіх?
16 Саломы не даюць слугам тваім, а цэглу, кажуць нам, рабіце. І вось, слугаў тваіх б’юць; і вінавацяць народ твой».
17 Але ён сказаў: «Лайдакі вы, лайдакі; і таму вы кажаце: “Хадземце, складзем ахвяру ГОСПАДУ”.
18 І цяпер ідзіце, працуйце, і саломы не дадуць вам, але вызначаную колькасьць цэглы давайце».
19 І ўбачылі наглядчыкі сыноў Ізраіля, што яны ў бядзе, бо сказана: «Не зьмяншайце колькасьць цэглы, норму дзённую ў той самы дзень».
20 І сустрэлі яны Майсея і Аарона, якія стаялі, чакаючы іх, калі яны выйшлі ад фараона,
21 і сказалі ім: «Няхай узгляне ГОСПАД на вас і асудзіць, бо вы зрабілі нас агіднымі ў вачах фараона і ў вачах слугаў ягоных, і далі меч у рукі іхнія, каб забіць нас».
22 І зьвярнуўся Майсей да ГОСПАДА, і сказаў: «Госпадзе, чаму Ты робіш зло народу гэтаму? Навошта Ты паслаў мяне?
23 Бо ад таго часу, як я прыйшоў да фараона, каб гаварыць у імя Тваё, зло робіцца народу гэтаму; а вызваліць, Ты ня вызваліў народ Твой!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выхад, 5 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.