Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Мацьвея 7 Паводле Мацьвея 7 раздзел

1 Ня судзеце, каб і вас ня судзілі;
2 бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць.
3 І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў воку сваім не адчуваеш?
4 Альбо, як скажаш брату свайму: «Дай, я выму парушынку з вока твайго»; а вось у тваім воку калода?
5 Крывадушнік! вымі спачатку калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
6 Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас.
7 Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;
8 бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
9 Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?
10 і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму?
11 Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго.
12 І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.
13 Уваходзьце вузкаю брамаю; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;
14 бо вузкая брама і цесная дарога вядуць у жыцьцё, і нямногія знаходзяць іх.
15 Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне — ваўкі драпежныя;
16 па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?
17 Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а благое дрэва родзіць і плады благія:
18 ня можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва благое радзіць плады добрыя.
19 Усякае дрэва, якое ня родзіць плоду добрага, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.
20 Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.
21 Ня кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах.
22 Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?».
23 І тады абвяшчу ім: «Я ніколі ня знаў вас; адыдзеце ад Мяне, вы, што робіце беззаконьне».
24 Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені;
25 і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо пастаўлены быў на камені.
26 А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і ня выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску;
27 і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае.
28 І сталася, калі Ісус прамовіў гэтыя словы, дзівавалі людзі з вучэньня Яго,
29 бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце, 7 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Мацьвея 7 раздзел в переводах:
Мацьвея 7 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.