Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Эзэкіэля 28 Эзэкіэля 28 раздзел

1 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
2 «Сын чалавечы, скажы валадару Тыра: гэта кажа Госпад Бог: “Таму што сэрца тваё стала пыхлівым і ты сказаў: “Я — Бог, і я сяджу на Божым пасадзе ў сэрцы мораў!”, хаця ты толькі чалавек, і не бог, хоць розум свой хацеў мець роўным Божаму розуму.
3 Вось, ты мудрэйшы за Даніэля, ніякая таямніца не схавана ад цябе,
4 дзеля сваёй мудрасці і разважлівасці здабыў ты сабе багацці і назбіраў золата і срэбра ў скарбоўнях сваіх;
5 дзеля сваёй вялікай мудрасці ды дзеля сваіх здольнасцей купецкіх павялічыў ты сваю маёмасць, і сэрца тваё стала пыхлівым з прычыны багаццяў тваіх”.
6 Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ты свой розум хацеў лічыць роўным Божаму розуму,
7 таму, вось, Я ўзвяду на цябе чужынцаў, найгоршых паміж народаў, і яны вынуць мечы свае супраць прыгажосці мудрасці тваёй і збэсцяць бляск твой.
8 Зацягнуць цябе ў яму, і памрэш ты раптоўнай смерцю ў сэрцы мора.
9 Ці будзеш яшчэ гаварыць: “Я — Бог!” на віду тых, што забіваць будуць цябе, хаця ты толькі чалавек, а не Бог, у руцэ забойцаў тваіх.
10 Ты памрэш смерцю неабрэзаных ад рукі чужынцаў, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог».
11 І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:
12 «Сын чалавечы, бядуй над царом Тыра і скажы яму: гэта кажа Госпад Бог: “Быў ты адбіткам дасканаласці, поўны мудрасці і вялікай прыгажосці;
13 ты жыў у раскошы раю Божага, пакрывалі цябе ўсякія каштоўныя камяні; сардый, тапаз і яшма, хрызаліт і онікс, і берыл, і сапфір, і карбункул, і смарагд, і золата чаканнага гатунку былі ў цябе; у дзень нараджэння твайго былі яны прыгатаваны.
14 Паставіў Я цябе з херубінам ахінутым, апекуном тваім, на святой гары Божай ты знаходзіўся, хадзіў ты між бліскучых камянёў,
15 дасканалы ў шляхах сваіх ад дня нараджэння твайго, аж пакуль не знайшлася ў цябе злачыннасць.
16 З пашырэннем гандлю твайго напоўнілася нутро тваё злачыннасцю і зграшыў ты. І скінуў Я цябе з гары Божай, і прагнаў цябе херубін апякун паміж бліскучых камянёў.
17 Надзьмулася сэрца тваё дзеля прыгажосці тваёй; згубіў ты мудрасць тваю дзеля бляску твайго: кінуў Я цябе на зямлю, на віду цароў выставіў цябе, каб бачылі цябе.
18 Мноствам правіннасцей сваіх і несправядлівасцю гандлю свайго апаганіў ты святыні свае; дык Я выведу агонь з нутра твайго, які з’есць цябе, і зраблю цябе попелам на зямлі ў прысутнасці ўсіх, хто бачыць цябе.
19 Усе з народаў, якія бачаць цябе, здзівяцца дзеля цябе, бо стаў ты страхоццем, і не будзе цябе вечна”».
20 І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:
21 «Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на Сідон і праракуй супраць яго,
22 і кажы: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, Сідоне, і хачу, каб хвалілі Мяне ў цябе, ды няхай ведаюць, што Я — Госпад, калі буду рабіць у ім суды і буду ў ім асвячоны.
23 І нашлю на яго пошасць і кроў на вуліцы яго, і будуць падаць пасярод яго забітыя ад меча, што паўстае з усіх бакоў, і даведаюцца, што Я — Госпад.
24 І больш не будзе для дому Ізраэля пакуты і церня, што нясе гора адусюль з боку тых, якія акружаюць яго, і будуць ведаць, што Я — Госпад Бог”.
25 Гэта кажа Госпад Бог: “Калі Я збяру дом Ізраэля паміж паганаў, сярод якіх былі яны параскіданыя, у іх Я ўслаўлюся на віду ўсіх плямёнаў, і будуць жыць яны на сваёй зямлі, якую даў Я слузе Майму Якубу;
26 і будуць у ёй жыць спакойна, і будуць будаваць дамы, і будуць садзіць вінаграднікі; і будуць жыць бяспечна ў той час, калі над усімі ворагамі іх вакол Я буду праводзіць суд, і даведаюцца, што Я — Госпад, Бог іх”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эзэкіэля, 28 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.