Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Матфея 11 Паводле Матфея 11 раздзел

1 І ста́лася, калі закончыў Іісус настаўле́нні двана́ццаці вучням Сваім, Ён перайшоў адтуль вучы́ць і прапаве́даваць у гарадах іх.
2 А Іаан, пачуўшы ў цямнíцы пра дзе́і Хрыстовы, паслаў двух вучняў сваіх
3 сказаць Яму: ці Той Ты, Які ма́е прыйсцí, ці чакаць нам другога?
4 І сказаў ім Іісус у адказ: ідзіце, скажы́це Іаану, што́ вы чу́еце і ба́чыце:
5 сляпыя робяцца віду́шчымі і кульга́выя ходзяць, пракажо́ныя ачышча́юцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскраса́юць, і ўбогія дабраве́сцяць;
6 і блажэнны, хто не ўсумнíцца ўва Мне.
7 Калі ж пайшлі яны, Іісус пачаў гаварыць народу пра Іаана: што́ глядзець хадзілі вы ў пусты́ню? ці не трысцíну, ве́трам калыха́ную?
8 Што́ ж глядзець хадзілі вы́ чалавека, убра́нага ў мяккае адзе́нне? Але тыя, што носяць мяккае адзе́нне, жывуць у харо́мах царскіх.
9 Што́ ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.
10 Бо ён той, пра каго напíсана: «вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою».
11 Праўду кажу вам: сярод наро́джаных жанчынамі не паўстава́ў бо́льшы за Іаана Хрысцíцеля; але меншы ў Царстве Нябесным бо́льшы за яго.
12 Ад дзён жа Іаана Хрысцíцеля да сёння Царства Нябеснае дасяга́ецца сілаю, і тыя, што сілу ўжыва́юць, здабыва́юць яго.
13 Бо ўсе прарокі і закон да Іаана прарочылі.
14 І калі хочаце прыня́ць, ён ёсць Ілія́, які ма́е прыйсцí.
15 Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе.
16 З кім жа параўна́ю род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, звярта́ючыся да тава́рышаў сваіх,
17 кажуць: «мы ігралі вам на ду́дцы, а вы не танцава́лі; мы спявалі вам жало́бнае, а вы не рыда́лі».
18 Бо прыйшоў Іаан, не есць, не п’е; і кажуць: «у ім дэман».
19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есць і п’е; і кажуць: «вось, чалавек, які лю́біць есці і віно піць, пры́яцель мы́тнікам і грэшнікам». І апра́ўдана мудрасць дзе́цьмі яе.
20 Тады пачаў Іісус дакара́ць гарады, у якіх найбольш праявíліся сілы Яго, за тое, што яны не пака́яліся.
21 Гора табе, Харазíне! гора табе, Віфсаíда! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не явíліся сілы, я́ўленыя ў вас, то даўно б яны ў валасянíцы і ў по́пеле пака́яліся.
22 Але кажу вам: Ты́ру і Сідону лягчэй будзе ў дзень су́дны, чым вам.
23 І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пе́кла будзеш нізры́нуты; бо калі б у Садоме явíліся сілы, я́ўленыя ў табе, то ён бы застаўся па сённяшні дзень.
24 Але кажу вам, што зямлі Садо́мскай лягчэ́й будзе ў дзень су́дны, чым табе.
25 Тым часам, далей прамаўля́ючы, Іісус сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаíў гэта ад мудрых і разумных і адкры́ў гэта дзе́цям.
26 Так, Ойча! бо такою было́ Твая добрая воля.
27 Усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і ніхто не знае Сына, акрамя Айца; і Айца не знае ніхто, акрамя Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
28 Прыйдзíце да Мяне, усе стру́джаныя і абцяжа́раныя, і Я супакою вас.
29 Вазьмíце ярмо́ Маё на сябе і навучы́цеся ад Мяне, бо Я лагодны і пако́рлівы сэ́рцам; і зно́йдзеце спакой ду́шам вашым.
30 Бо ярмо́ Маё прые́мнае, і цяжа́р Мой лёгкі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Матфея, 11 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Матфея 11 раздзел в переводах:
Матфея 11 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.