Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Лукі 23 Паводле Лукі 23 раздзел

1 І ўстала ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,
2 і пачалí абвінава́чваць Яго, гаворачы: мы вы́явілі, што Ён падбухто́рвае народ наш і забараня́е даваць пада́так ке́сару, называ́ючы Сябе Хрыстом Царом.
3 Пілат запытаў Яго, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў Яму ў адказ: ты кажаш.
4 І Пілат сказаў першасвятара́м і народу: я не знахо́джу нія́кай віны́ ў Гэтым Чалавеку.
5 Але яны настойвалі, ка́жучы, што Ён бунту́е народ, навуча́ючы па ўсёй Іудзеі, пачаўшы з Галілеі аж дасю́ль.
6 Пілат жа, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба́ Гэты Чалавек Галіле́янін?
7 І, даве́даўшыся, што Ён з улада́нняў Ірадавых, паслаў Яго да Ірада, які таксама быў у Іерусаліме ў тыя дні.
8 Ірад жа, уба́чыўшы Іісуса, вельмі ўзра́даваўся, бо ён даўно ўжо хацеў бачыць Яго, паколькі чуў пра Яго многа і спадзява́ўся ўбачыць нейкае знаме́нне, Ім здзе́йсненае;
9 і задаваў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога не адказваў яму.
10 І стаялі першасвятары́ і кніжнікі, і заця́та абвінава́чвалі Яго.
11 А Ірад са сваімі воінамі, знява́жыўшы Яго і наглумíўшыся, апрану́ў Яго ў светлую адзе́жу і адасла́ў Яго да Пілата.
12 І зрабіліся пры́яцелямі між сабою Пілат і Ірад у той дзень; ране́й жа мелі варо́жасць адзін да аднаго́.
13 Пілат жа, склíкаўшы першасвятаро́ў, і начальнікаў, і народ,
14 сказаў ім: вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібы́та бухто́рыць народ; і вось я перад вамі рассле́даваў і не знайшоў у Чалавеку Гэтым ніякай віны з таго, у чым вы Яго абвінава́чваеце;
15 і Ірад таксама, бо я пасылаў да яго , і вось нічога ва́ртага смерці не зро́блена Ім;
16 таму, пакара́ўшы Яго, адпушчу́.
17 А яму трэба было́ дзе́ля свя́та адпусцíць ім аднаго вя́зня.
18 Але яны закрычалі ўсе разам, ка́жучы: смерць Яму! адпусці ж нам Вара́вву.
19 А той быў за нейкі бунт, учы́нены ў горадзе, і забойства паса́джаны ў цямнíцу.
20 І зноў Пілат узвы́сіў голас, хочучы адпусцíць Іісуса.
21 Але яны крычалі, ка́жучы: распнí, распнí Яго!
22 І трэці раз сказаў ім: якое ж зло ўчынíў Ён? нічога ва́ртага смерці я не знайшоў у Ім; таму, пакара́ўшы Яго, адпушчу́.
23 Яны ж настойвалі з моцнымі кры́камі, патрабу́ючы, каб Ён быў распя́ты; і перамаглí крыкі іх і першасвятаро́ў.
24 І Пілат вырашыў, каб было́ паводле патрабава́ння іх,
25 і адпусцíў паса́джанага за бунт і забойства ў цямнíцу, якога яны прасíлі, а Іісуса аддаў на іх волю.
26 І калі павялí Яго, то, забра́ўшы нейкага Сíмана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, ускла́лі на яго крыж, каб нёс за Іісусам.
27 І ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыда́лі і галасíлі па Ім.
28 Абярну́ўшыся да іх, Іісус сказаў: дочкі Іерусалімскія! не плачце па Мне, а плачце па сабе́ і дзе́цях вашых;
29 бо вось надыхо́дзяць дні, у якія скажуць: «блажэ́нныя няпло́дныя, і ўло́нні, якія не раджа́лі, і гру́дзі, якія не кармíлі»;
30 тады пачну́ць гаварыць гара́м: «упадзíце на нас», і ўзгоркам: «пакры́йце нас»;
31 бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, то з сухім што́ будзе?
32 Вялі ж з Ім яшчэ і двух злачы́нцаў, каб пакара́ць смерцю.
33 І калі прыйшлі на месца, зва́нае Ло́бным, там распя́лі Яго і злачынцаў, аднаго справа, а другога злева.
34 Іісус жа казаў: Ойча! дару́й ім, бо яны не ведаюць, што робяць. І, дзе́лячы адзе́жу Яго, кíдалі жэ́рабя.
35 І стаялі людзі і глядзелі. Насміха́ліся з імі разам і начальнікі, ка́жучы: іншых ратава́ў, няхай урату́е Само́га Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы абраннік.
36 Глуміліся з Яго і воіны, падыхо́дзячы і падно́сячы Яму воцат,
37 і ка́жучы: калі Ты Цар Іудзейскі, то ўратуй Самога Сябе.
38 Быў жа і надпіс напíсаны над Ім літарамі грэчаскімі, і рымскімі, і яўрэйскімі: гэта Цар Іудзейскі.
39 І адзін з павешаных злачынцаў блюзне́рыў на Яго, ка́жучы: калі Ты Хрыстос, то ўрату́й Сябе і нас.
40 Другі ж у адказ, суніма́ючы яго, казаў: хіба́ ты не баішся Бога, бо сам на тое ж асу́джаны?
41 Але мы — справядліва, бо нале́жнае за ўчы́нкі нашы атры́мліваем, а Ён нічога дрэ́ннага не зрабіў.
42 І сказаў Іісусу: памянí мяне, Госпадзі, калі пры́йдзеш у Царства Тваё.
43 І сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, сёння са Мною будзеш у ра́і.
44 Было́ ж каля шостай гадзíны, і цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай;
45 і паме́ркла сонца, і заве́са ў храме разадра́лася напала́м.
46 І, ускры́кнуўшы моцным голасам, Іісус сказаў: Ойча! у ру́кі Твае аддаю́ дух Мой! І, сказаўшы гэта, вы́пусціў дух.
47 Сотнік жа, убачыўшы, што адбыло́ся, прасла́віў Бога, ка́жучы: сапраўды́, Чалавек Гэты быў пра́ведны.
48 І ўсе людзі, якія сабра́ліся на гэтае відо́вішча, убачыўшы, што адбыло́ся, вярта́ліся, б’ючы́ сябе ў гру́дзі.
49 Усе ж знаёмыя Яго і жанчыны, якія прыйшлі следам за Ім з Галілеі, стаялі во́ддаль і глядзелі на гэта.
50 І вось муж па íмені Іосіф, саве́тнік, чалавек добры і пра́ведны,
51 які не далучы́ўся да рашэння і спра́вы іх, з Арымафе́і, горада Іудзейскага, і ён таксама чакаў Царства Божага;
52 прыйшоўшы да Пілата, ён папрасіў це́ла Іісусава;
53 і, зняўшы Яго, абгарну́ў плашчанíцаю і паклаў Яго ў магілу, вы́сечаную у скале́, дзе яшчэ ніхто не ляжаў.
54 А дзень той быў пятніца, і настава́ла субота.
55 І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, ба́чылі магілу і як было пакла́дзена це́ла Яго;
56 вярнуўшыся, яны падрыхтава́лі духмя́насці і мíра; у суботу ж адпачыва́лі, паво́дле за́паведзі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Лукі, 23 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Лукі 23 раздзел в переводах:
Лукі 23 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.