Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Лукі 24 Паводле Лукі 24 раздзел

1 А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, несучы́ падрыхтава́ныя духмя́насці, яны прыйшлí да магілы, і іншыя з імі;
2 але знайшлі, што ка́мень адва́лены ад магілы,
3 і, увайшо́ўшы, не знайшлі це́ла Госпада Іісуса.
4 І ста́лася: калі яны былí ў недаўме́нні ад гэтага, вось з’явіліся перад імі два мужы́ ў бліску́чым адзе́нні.
5 Калі ж яны спалохаліся і схілíлі тва́ры да зямлі, тыя сказалі ім: што́ вы шука́еце жывога сярод мёртвых?
6 Яго няма тут, Ён уваскрэс; успо́мніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і,
7 ка́жучы, што Сын Чалавечы ма́е быць адда́дзены ў ру́кі людзей грэшных, і быць распя́ты, і на трэці дзень ўваскрэ́снуць.
8 І ўспомнілі яны словы Яго,
9 і, вярну́ўшыся ад магілы, паве́дамілі ўсё гэта адзіна́ццаці і ўсім іншым.
10 Былí ж гэта Магдалíна Марыя, і Іаанна, і Марыя, маці Іакава, і іншыя з імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
11 І здалíся ім пусты́мі сло́вы гэтыя, і не паве́рылі ім.
12 Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахілíўшыся, убачыў, што толькі пало́тны ляжаць; і пайшоў назад, здзіўля́ючыся ў сабе таму, што адбыло́ся.
13 І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў пасе́лішча, якое знахо́дзілася ста́дыях у шасцíдзесяці ад Іерусаліма і называ́лася Эмау́с;
14 і яны размаўля́лі між сабою пра ўсё тое, што адбылося.
15 І ста́лася: калі яны размаўлялі і разважа́лі, Сам Іісус, наблíзіўшыся, пайшоў з імі,
16 але вочы іх былí стры́маны, так што яны не пазналі Яго.
17 Ён жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы́, разважа́еце між сабою і чаму такія засму́чаныя?
18 У адказ адзін, імя́ якога Клео́па, сказаў Яму: Ты адзíны з падаро́жных у Іерусаліме не ведаеш пра тое, што адбыло́ся ў ім у гэтыя дні?
19 І сказаў ім: пра што́ Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбыло́ся з Іісусам Назаранíнам, Які быў прарок, моцны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам,
20 і як вы́далі Яго першасвятары́ і начальнікі нашы для асуджэ́ння на смерць і распя́лі Яго;
21 а мы спадзява́ліся, што Ён Той, Хто павíнен вы́бавіць Ізра́іля, але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта ста́лася;
22 але і некаторыя жанчыны з нашых ура́зілі нас: пабыва́ўшы ра́на каля магілы
23 і не знайшо́ўшы це́ла Яго, яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўле́нне Ангелаў, якія кажуць, што Ён жывы́;
24 і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі.
25 І Ён сказаў ім: о, неразва́жлівыя і мару́длівыя сэ́рцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!
26 ці не так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю?
27 І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў, тлума́чыў ім ва ўсім Пісанні тое, што ска́зана пра Яго.
28 І наблíзіліся яны да пасе́лішча, у якое ішлі; і Ён рабіў вы́гляд, што пойдзе дале́й;
29 а яны затры́млівалі Яго, ка́жучы: заста́нься з намі, бо вечарэ́е і дзень на зыхо́дзе. І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
30 І ста́лася: калі Ён узляжа́ў з імі, то, узяўшы хлеб, благаславíў і, пераламíўшы, даваў ім.
31 І адкры́ліся ў іх вочы, і яны пазна́лі Яго, ды Ён стаў няба́чны для іх.
32 І сказалі яны адзін аднаму: хіба́ не гарэ́ла наша сэрца ў нас, калі гаварыў Ён з намі па дарозе і калі тлума́чыў нам Пісанне?
33 І, уста́ўшы ў той жа час, яны вярну́ліся ў Іерусалім і знайшлí сабра́ных разам адзіна́ццаць і тых, што былí з імі,
34 якія гаварылі, што Гасподзь сапраўды́ ўваскрэ́с і явíўся Сíману.
35 А яны расказвалі, што́ было́ ў дарозе і як яны пазна́лі Яго пры пераламле́нні хле́ба.
36 Калі ж яны гаварылі пра гэта, Сам Іісус стаў пасяро́д іх і сказаў: мір вам.
37 Яны ж, суме́ўшыся і спало́хаўшыся, думалі, што бачаць духа;
38 а Ён сказаў ім: чаго вы збянтэ́жаныя і чаму сумне́нні ўвахо́дзяць у сэ́рцы вашы?
39 паглядзíце на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; дакранíцеся да Мяне і паглядзíце: дух не ма́е пло́ці і касце́й, што, як бачыце, Я ма́ю.
40 І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і ногі.
41 Калі ж яны яшчэ не верылі ад радасці і здзіўля́ліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
42 Яны ж падалí Яму кавалак пе́чанай рыбы і мёду ў сотах.
43 І, узяўшы, Ён перад імі з’еў
44 і сказаў ім: вось словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што павінна здзе́йсніцца ўсё, напíсанае ў законе Маісеевым і ў прарокаў, і ў псалма́х пра Мяне.
45 Тады Ён адкрыў ім розум для разуме́ння Пісанняў
46 і сказаў ім: так напíсана і так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўваскрэ́снуць з мёртвых на трэці дзень,
47 і каб было прапаве́дана ў імя́ Яго пакая́нне і адпушчэ́нне грахоў ва ўсіх народах, пачына́ючы з Іерусаліма;
48 вы ж све́дкі гэтага;
49 і вось Я пашлю́ абяца́нае Айцом Маім на вас; а вы застава́йцеся ў горадзе Іерусаліме, пакуль не апра́нецеся сілаю з вышынí.
50 І Ён вы́веў іх да Віфа́ніі і, узня́ўшы ру́кі Свае, благаславíў іх.
51 І ста́лася: калі Ён благаслаўля́ў іх, то пачаў аддаля́цца ад іх і ўзно́сіцца на неба.
52 І яны пакланíліся Яму і вярну́ліся ў Іерусалім з радасцю вялікаю,
53 і былí заўсёды ў храме, хва́лячы і благаслаўля́ючы Бога. Амінь.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Лукі, 24 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Лукі 24 раздзел в переводах:
Лукі 24 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.