Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Іаана 6 Паводле Іаана 6 раздзел

1 Пасля гэтага пайшоў Іісус на той бок мора Галіле́йскага, Тыверыя́дскага;
2 і за Ім ішло мноства народу, таму што бачылі цу́ды Яго, якія Ён рабіў над хворымі.
3 І ўзышоў на гару Іісус і там сядзе́ў з вучнямі Сваімі.
4 А набліжа́лася Пасха, свята Іудзейскае.
5 Іісус, узвёўшы вочы і ўбачыўшы, што мноства народу ідзе да Яго, кажа Філіпу: дзе нам купíць хле́ба, каб яны паелí
6 Казаў жа Ён гэта, выпрабо́ўваючы яго, бо Сам ведаў, што́ ме́ўся зрабіць.
7 Адказаў Яму Філіп: на дзвесце дына́рыяў не хопіць ім хлеба, каб кожны з іх хоць трохі атрыма́ў.
8 Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сíмана Пятра:
9 ёсць тут адзін хлопчык, які ма́е пяць хлябо́ў ячме́нных і дзве ры́біны; але што́ гэта для такога мноства?
10 І сказаў Іісус: загада́йце лю́дзям узле́гчы. Было́ ж многа травы на тым месцы. І вось узляглí людзі ў колькасці каля пяці тысяч.
11 Узяў жа хлябы́ Іісус і, узнёсшы падзя́ку, разда́ў вучням, а вучні — тым, што ўзляжа́лі; таксама і рыбы, колькі хто хацеў;
12 і калі насы́ціліся, сказаў вучням Сваім: збяры́це кавалкі, якія засталíся, каб нічога не прапа́ла.
13 І сабра́лі яны і напо́ўнілі дванаццаць кашо́ў кава́лкамі ад пяці хлябо́ў ячме́нных, якія засталíся ў тых, што елі.
14 Тады людзі, якія бачылі цуд, зро́блены Іісусам, сказалі: Ён сапраўды́ Той Прарок, што павíнен прыйсцí ў свет.
15 Іісус жа, даве́даўшыся, што хо́чуць прыйсцí, каб сілаю ўзяць Яго і зрабіць царом, адышоў ізноў на гару́ адзін.
16 Калі ж настаў вечар, спусціліся вучні Яго да мора
17 і, увайшоўшы ў лодку, паплылí на той бок мора ў Капернау́м. І ўжо сцямне́ла, а Іісус не прыхо́дзіў да іх;
18 і мора з-за таго, што дзьмуў моцны вецер, хвалява́лася.
19 Праплы́ўшы каля дваццацí пяці ці трыццацí ста́дый, яны ўбачылі Іісуса, Які ішоў па моры і набліжа́ўся да лодкі, і спало́халіся;
20 але Ён сказаў ім: гэта Я, не бойцеся.
21 Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку; і адразу лодка прыста́ла да берага, куды яны плылí.
22 На другі дзень народ, які стаяў па той бок мора, убачыў, што там не было́ іншай лодкі, апрача́ адной той, у якую ўвайшлі вучні Яго, і што Іісус не ўвахо́дзіў з вучнямі Сваімі ў лодку, але вучні Яго адплылí адны;
23 і іншыя лодкі прыплылí з Тыверыя́ды блізка да таго месца, дзе елі хлеб, калі Гасподзь узнёс быў падзя́ку;
24 калі ўбачылі людзі, што там няма ні Іісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі самі ў лодкі і паплылí ў Капернау́м, шука́ючы Іісуса,
25 і, знайшо́ўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Раввí! калі Ты сюды прыбы́ў?
26 У адказ ім Іісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насы́ціліся;
27 дба́йце не пра ежу тле́нную, а пра ежу, што застае́цца на жыццё вечнае, якое дасць вам Сын Чалавечы, бо Айцец вы́значыў Яго пяча́ццю Сваёю, Бог.
28 Яны ж сказалі Яму: што́ нам рабіць, каб здзяйсня́ць спра́вы Божыя?
29 У адказ Іісус сказаў ім: вось спра́ва Божая: каб вы веравалі ў Таго, Каго паслаў Ён.
30 Яны ж сказалі Яму: якое Ты зробіш знаме́нне, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што́ Ты здзе́йсніш?
31 айцы нашы елі ма́нну ў пусты́ні, як напíсана: «хлеб з неба даў ім есці».
32 Сказаў жа ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: не Маісей даў вам хлеб з неба, а Айцец Мой дае вам з неба хлеб íсцінны;
33 бо хлеб Божы — гэта Той, Хто сыхо́дзіць з неба і дае́ жыццё свету.
34 Яны ж сказалі Яму: Госпадзі! заўсёды давай нам хлеб гэты.
35 І сказаў ім Іісус: Я — хлеб жыцця́; хто прыхо́дзіць да Мяне, не зве́дае голаду, і хто веруе ў Мяне, не будзе мець сма́гі ніколі;
36 але Я сказаў вам, што і бачылі вы Мяне, і не веруеце;
37 усё, што дае Мне Айцец, да Мяне пры́йдзе, і таго, хто прыхо́дзіць да Мяне, Я не вы́ганю вон,
38 бо Я сышоў з неба не дзе́ля таго, каб чынíць волю Сваю, але волю Айца, Які паслаў Мяне;
39 а воля Айца, Які паслаў Мяне, у тым, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не загубíў, але ўваскрасíў гэта ў апошні дзень;
40 воля Таго, Хто паслаў Мяне, у тым, каб кожны, хто бачыць Сы́на і веруе ў Яго, меў жыццё вечнае, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень.
41 Абу́рыліся тады Іудзеі на Яго за тое, што Ён сказаў: «Я ёсць хлеб, які сышоў з неба»,
42 і гаварылі: ці не Іісус гэта, сын Іосіфаў, бацьку і Маці Якога мы ведаем? як жа Ён кажа: «з неба Я сышоў»?
43 На гэта Іісус сказаў ім: не абура́йцеся паміж сабою;
44 ніхто не можа прыйсцí да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прывядзе́ яго, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень;
45 напíсана ў прарокаў: і будуць усе наву́чаны Богам. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучы́ўся, прыхо́дзіць да Мяне;
46 гэта не значыць, што Айца бачыў нехта, апрача́ Таго, Хто ад Бога: Ён бачыў Айца.
47 Праўду, праўду кажу вам: хто веруе ў Мяне, ма́е жыццё вечнае.
48 Я — хлеб жыцця́;
49 айцы вашы елі ма́нну ў пусты́ні і паме́рлі;
50 а хлеб, які сыхо́дзіць з неба, такі, што той, хто яго есць, не памрэ;
51 Я — хлеб жывы́, які сышоў з неба; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна; і хлеб, які Я дам, ёсць Плоць Мая, якую Я аддам за жыццё свету.
52 І спрача́ліся між сабою Іудзеі, гаво́рачы: як можа Ён даць нам Плоць Сваю есці?
53 Іісус жа сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі не будзеце есці Пло́ці Сына Чалавечага і піць Крывí Яго, то жыцця́ не будзеце мець у сабе;
54 хто есць Маю́ Плоць і п’е Маю́ Кроў, той мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень;
55 бо Плоць Мая́ сапраўды́ ёсць ежа, і Кроў Мая́ сапраўды́ ёсць пітво;
56 хто есць Маю́ Плоць і п’е Маю́ Кроў, той ува Мне застае́цца і Я ў ім;
57 як пасла́ў Мяне жывы́ Айцец і Я жыву́ Айцом, так і той, хто есць Мяне, жыць будзе Мною;
58 гэта і ёсць хлеб, які сышоў з неба; не так, як айцы вашы елі ма́нну і паме́рлі; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
59 Гэта сказаў Ён у сінагозе, навучаючы ў Капернау́ме.
60 І многія з вучняў Яго, пачуўшы гэта, сказалі: жу́дасныя гэта словы; хто можа іх слухаць?
61 Іісус жа, ве́даючы ў Сабе, што абура́юцца гэтым вучні Яго, сказаў ім: хіба́ гэ́та вас спакуша́е?
62 А што, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыхо́дзіць туды, дзе быў ране́й?
63 дух дае жыццё, плоць не прыно́сіць нія́кай кары́сці; словы, якія Я кажу́ вам, ёсць дух і жыццё;
64 але ёсць сяро́д вас некато́рыя, што не веруюць. Бо ведаў ад пачатку Іісус, хто няве́руючыя і хто вы́дасць Яго,
65 і сказаў: дзе́ля таго Я і гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсцí да Мяне, калі не будзе яму да́дзена Айцом Маім.
66 З таго часу многія з вучняў Яго адышлí і ўжо не хадзíлі з Ім.
67 Сказаў тады Іісус двана́ццаці: ці не хочаце і вы адысцí?
68 Адказаў Яму Сíман Пётр: Госпадзі! да каго мы по́йдзем? Ты ма́еш сло́вы жыцця́ вечнага,
69 і мы ўве́равалі і спазна́лі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
70 Адказаў ім Іісус: ці не Я вас дванаццаць абра́ў? але адзін з вас — дыявал.
71 Гаварыў жа Ён пра Іуду Сíманавага Іскарыёта, бо той меўся вы́даць Яго, бу́дучы адным з двана́ццаці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Іаана, 6 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Іаана 6 раздзел в переводах:
Іаана 6 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Комментарии Джона Райла
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.