Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Іаана 18 Паводле Іаана 18 раздзел

1 Сказаўшы гэта, Іісус вы́йшаў з вучнямі Сваімі на той бок пато́ку Кедро́н, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён Сам і вучні Яго;
2 ве́даў жа гэтае месца і Іуда, які вы́даў Яго, бо там часта збіра́ўся Іісус з вучнямі Сваімі;
3 і вось Іуда, узя́ўшы атрад воінаў і служы́целяў ад першасвятаро́ў і фарысеяў, прыхо́дзіць туды з фа́келамі, і ліхтара́мі, і збро́яй.
4 Іісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, вы́йшаў і сказаў ім: каго шука́еце?
5 Адказалі Яму: Іісуса Назарэ́я. Кажа ім Іісус: гэта Я. Стаяў жа з імі і Іуда, які вы́даў Яго;
6 і калі Іісус сказаў ім: «гэта Я», яны адступíлі назад і ўпа́лі на зямлю́.
7 Ён зноў спыта́ўся ў іх: каго шука́еце? Яны сказалі: Іісуса Назарэ́я.
8 Адказаў Іісус: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шука́еце, пакіньце іх, няхай ідуць, —
9 каб спо́ўнілася слова, якое Ён сказаў: з тых, каго Ты даў Мне, Я не загубíў нікога.
10 Тады Сíман Пётр, ма́ючы меч, вы́няў яго і ўдарыў першасвятаро́вага раба́ і адсе́к яму правае ву́ха; імя́ раба́ было́ Малх;
11 але Іісус сказаў Пятру: укладзí меч у но́жны; чашу, якую даў Мне Айцец, няўжо́ Я не буду піць яе?
12 Тады атрад воінаў і тысячанача́льнік, і служы́целі Іудзейскія ўзялí Іісуса і звяза́лі Яго,
13 і павялí Яго спачатку да Анны, бо ён быў це́сцем Каіа́фы, які быў першасвятаро́м у той год;
14 гэта быў той Каіа́фа, які даў пара́ду Іудзеям, што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ.
15 За Іісусам ішоў Сíман Пётр і другі вучань; вучань жа той быў знаёмы першасвятару́ і ён увайшоў з Іісусам у двор першасвятара́,
16 а Пётр стаяў каля дзвярэ́й зво́нку. Вы́йшаў тады вучань той, які быў знаёмы першасвятару́, і сказаў прыдзве́рніцы, і ўвёў Пятра.
17 Кажа тут служанка-прыдзве́рніца Пятру: і ты ці не з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не.
18 І стаялі рабы́ і служы́целі, раскла́ўшы во́гнішча, таму што было́ хо́ладна, і грэ́ліся; з імі Пётр таксама стаяў і грэ́ўся.
19 Першасвята́р жа спыта́ўся ў Іісуса пра вучняў Яго і пра вучэ́нне Яго.
20 Адказаў яму Іісус: Я адкрыта гаварыў свету; Я заўсёды навуча́ў у сінагогах і ў храме, дзе заўсёды збіра́юцца Іудзеі, і тайна не гаварыў нічога;
21 чаму ты ў Мяне пыта́ешся? спыта́йся ў тых, якія чулі, што́ Я гаварыў ім; вось яны ведаюць, што́ Я казаў.
22 Калі Ён сказаў гэта, адзін са служы́целяў, што блізка стаяў, ударыў Іісуса па шчацэ і сказаў: так Ты адказваеш першасвятару́?
23 Адказаў яму Іісус: калі Я дрэ́нна сказаў, засве́дчы, што дрэ́нна; а калі добра, чаму ты б’еш Мяне?
24 Тады Анна паслаў Яго, звя́занага, да першасвятара́ Каіа́фы.
25 А Сíман Пётр стаяў і грэ́ўся. Сказалі тады яму: і ты ці не з вучняў Яго? Ён адро́кся і сказаў: не.
26 Кажа адзін з рабоў першасвятара́, свая́к таго, якому Пётр адсе́к ву́ха: хіба́ я не бачыў цябе з Ім у садзе?
27 Пётр ізноў адро́кся; і адразу пе́вень заспява́ў.
28 Тады вядуць Іісуса ад Каіа́фы ў прэто́рыю. Была́ раніца, і яны не ўвайшлі ў прэто́рыю, каб не апага́ніцца, але каб можна было́ есці пасху.
29 Вы́йшаў Пілат да іх і сказаў: якое абвінава́чанне выстаўля́еце вы су́праць Гэтага Чалавека?
30 У адказ яны сказалі яму: калі б Ён не быў злачы́нцам, мы не вы́далі б Яго табе.
31 Тады сказаў ім Пілат: вазьмíце Яго вы і па закону вашаму судзíце Яго. Сказалі яму Іудзеі: нам не дазваля́ецца кара́ць смерцю нікога, —
32 каб спо́ўнілася слова Іісуса, якое Ён сказаў, ука́зваючы, якою смерцю Ён ма́е памерці.
33 Увайшоў тады зноў Пілат у прэто́рыю, і паклíкаў Іісуса, і сказаў Яму: Ты Цар Іудзейскі?
34 Адказаў яму Іісус: ты ад сябе гэта гаво́рыш, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?
35 Адказаў Пілат: хіба́ я Іудзей? народ Твой і першасвятары́ вы́далі Цябе мне; што́ Ты зрабіў?
36 Адказаў Іісус: Царства Маё не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было́ Царства Маё, то слу́гі Мае́ змага́ліся б за тое, каб Мяне не вы́далі Іудзеям. Але цяпер Царства Маё не адгэ́туль.
37 Тады сказаў Яму Пілат: дык Ты Цар? Адказаў Іісус: ты кажаш, што Я Цар; Я на тое нарадзíўся і на тое прыйшоў у свет, каб све́дчыць пра ісціну; і кожны, хто ад ісціны, слу́хаецца голасу Майго.
38 Кажа Яму Пілат: што ёсць ісціна? І, прамовіўшы гэта, ён зноў вы́йшаў да Іудзеяў і кажа ім: я нія́кай віны не знахо́джу ў Ім;
39 ёсць жа звы́чай у вас, каб каго́сьці аднаго́ я адпуска́ў вам на Пасху; хочаце, адпушчу́ вам Цара Іудзейскага?
40 Тады зноў закрычалі ўсе, ка́жучы: не Яго, а Вара́вву. А Вара́вва быў разбойнік.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Іаана, 18 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Іаана 18 раздзел в переводах:
Іаана 18 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Комментарии Джона Райла
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.