Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Дзеянні Апосталаў 9 Дзеянні Апосталаў 9 раздзел

1 А Саўл, усё яшчэ ды́хаючы пагро́заю і замышля́ючы забо́йства вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасвятара́
2 і вы́прасіў у яго лісты́ ў Дамаск да сінагог, каб, калі зно́йдзе каго з паслядо́ўнікаў гэтага вучэ́ння, і мужчы́н, і жанчы́н, звя́зваць і прыво́дзіць у Іерусалім.
3 Калі ж ён ішоў, ста́лася так, што пры набліжэ́нні да Дамаска раптам ахіну́ла яго святло з неба;
4 і ён, упа́ўшы на зямлю́, пачуў голас, які гаварыў яму: Саўл, Саўл, чаму ты Мяне гоніш?
5 Ён жа сказаў: хто Ты, Госпадзі? А Гасподзь сказаў: Я Іісус, Якога ты гоніш; цяжка табе су́праць ражна́ ісці.
6 І ён у трымце́нні і жа́ху сказаў: Госпадзі! што Ты хочаш, каб я рабіў? Гасподзь адказаў яму: устань і ўвайдзі ў горад, і ска́зана будзе табе, што нале́жыць табе рабіць.
7 Людзі ж, якія ішлі разам з ім, стаялі зняме́лыя, бо чулі голас, але ніко́га не бачылі.
8 Саўл устаў з зямлі і, хоць вочы яго былі расплю́шчаны, ніко́га не бачыў; і яго, узя́ўшы за руку́, прывялі ў Дамаск;
9 і тры дні ён быў невіду́шчым, і не еў, і не піў.
10 Быў жа ў Дамаску адзін вучань íмем Ана́нія; і сказаў яму Гасподзь у відзе́нні: Ана́нія! Ён жа сказаў: вось я, Госпадзі.
11 І Гасподзь кажа яму: устань і ідзі на вуліцу, што называ́ецца Про́стаю, і пашука́й у доме Іудавым Тарся́ніна па імені Саўл; ён цяпер мо́ліцца
12 і бачыў у відзе́нні му́жа, íмем Ана́нія, які ўвайшоў і ўсклаў руку́ на яго, каб ён стаў віду́шчым.
13 Ана́нія ж адказа́ў: Госпадзі! я чуў ад многіх пра чалавека гэтага, колькі зла ўчынíў ён святы́м Тваім у Іерусаліме;
14 і тут ён ма́е ўладу ад першасвятаро́ў вяза́ць ўсіх, хто прызыва́е імя́ Тваё.
15 Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён — Мой абра́ны сасу́д, каб пране́сці імя́ Маё перад народамі, і цара́мі, і сына́мі Ізра́ілевымі;
16 і Я пакажу яму, колькі нале́жыць яму за імя́ Маё адпаку́таваць.
17 Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, ускла́ўшы ру́кі на яго, сказаў: брат Саўл! Гасподзь Іісус, Які явіўся табе на дарозе, па якой ты ішоў, пасла́ў мяне, каб ты стаў віду́шчым і напо́ўніўся Ду́хам Святы́м.
18 І раптам нíбы луска́ з вачэ́й яго апа́ла, і ён адразу стаў бачыць, і, уста́ўшы, ахрысцíўся,
19 і, пад’е́ўшы, набра́ўся сіл. І застава́ўся Саўл з тымі вучнямі, што былí ў Дамаску, некалькі дзён;
20 і адразу ў сінагогах пачаў прапаве́даваць Іісуса, што Ён — Сын Божы.
21 І ўсе, хто чуў, здзіўля́ліся і гаварылі: ці гэта не той, які гнаў у Іерусаліме тых, што прызыва́лі імя́ гэтае, ды і сюды прыйшоў дзе́ля таго, каб звя́зваць іх і прыво́дзіць да першасвятаро́ў?
22 А Саўл усё больш умацо́ўваўся і бянтэ́жыў Іудзеяў, якія жылí ў Дамаску, — ён перако́нваў, што гэта Хрыстос.
23 Калі ж прайшло даво́лі часу, змо́віліся Іудзеі забіць яго,
24 але Саўл даве́даўся пра змо́ву іх; яны ж пільнава́лі каля бра́мы дзень і ноч, каб забіць яго;
25 але вучні ўначы́ ўзялí яго і перапра́вілі праз сцяну, спусціўшы ў кашы́.
26 Саўл прыйшоў у Іерусалім і спрабава́ў далучы́цца да вучняў; але ўсе баяліся яго, не ве́рачы, што ён вучань.
27 Варна́ва ж падтрыма́ў яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён ба́чыў Госпада, і што Гасподзь размаўляў з ім, і як у Дамаску ён адважна прапаве́даваў у імя́ Іісусава.
28 І быў ён разам з імі ў Іерусаліме, увахо́дзячы і выхо́дзячы ў імя́ Госпада Іісуса.
29 Ён гаварыў таксама і спрача́ўся з Элінíстамі; а яны імкну́ліся забіць яго.
30 Браты́ ж, даве́даўшыся пра гэта, адвялі яго ў Кесары́ю і вы́правілі яго ў Тарс.
31 Цэрквы ж па ўсёй Іудзеі, і Галілеі, і Самары́і былí ў спакоі, усталёўваючыся і хо́дзячы ў стра́ху Гасподнім, і праз суцяшэ́нне Духа Святога памнажа́ліся.
32 І давяло́ся Пятру, абыхо́дзячы ўсіх, прыйсці і да святых, што жылí ў Лíддзе;
33 знайшоў ён там чалавека нейкага па імені Эне́й, які восем гадоў ляжаў у ложку, бу́дучы спаралізава́ным.
34 І сказаў яму Пётр: Эне́й, ацаля́е цябе Іісус Хрыстос; устань з пасцелі тваёй. І той адразу ўстаў;
35 і бачылі яго ўсе, хто жыў у Лíддзе і ў Саро́не, якія і навярну́ліся да Госпада.
36 У Іаппíі была́ адна вучаніца па імені Тавíфа, што ў перакла́дзе азнача́е «са́рна». Жыццё яе было́ поўнае добрых учы́нкаў і спраў міласэ́рнасці, якія яна рабіла.
37 І ста́лася ў тыя дні, што яна захварэ́ла і паме́рла. Яе абмы́лі і пакла́лі ў ве́рхнім пакоі.
38 А пако́лькі Лíдда недалёка ад Іаппíі, то вучні, дачу́ўшыся, што Пётр там, пасла́лі да яго двух мужоў з просьбай, каб неадкла́дна прыйшоў да іх.
39 Пётр устаў і пайшоў з імі; і калі ён прыйшоў, завялі яго ў верхні пакой, і абступілі яго ўсе ўдовы, пла́чучы і пака́зваючы спо́дняе і ве́рхняе адзе́нне, якое рабіла Са́рна, пакуль была́ з імі.
40 Вы́правадзіўшы ўсіх адтуль, Пётр стаў на калені, памаліўся і, павярну́ўшыся да це́ла, сказаў: Тавíфа, устань! І яна расплю́шчыла вочы свае і, уба́чыўшы Пятра, се́ла.
41 І ён, пада́ўшы ёй руку́, падня́ў яе; і, паклíкаўшы святы́х і ўдоў, паставіў перад імі яе жыву́ю.
42 Гэта стала вядо́ма па ўсёй Іаппíі, і многія ўве́равалі ў Госпада.
43 А яму давяло́ся даволі доўга прабы́ць у Іаппíі ў нейкага Сíмана-гарбара́.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеянні Святых Апосталаў, 9 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Дзеянні Апосталаў 9 раздзел в переводах:
Дзеянні Апосталаў 9 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.