Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Дзеянні Апосталаў 26 Дзеянні Апосталаў 26 раздзел

1 Агры́па сказаў Паўлу: дазваля́ецца табе гаварыць за само́га сябе. Тады Павел, прасцёршы руку́, стаў гаварыць у сваю абаро́ну:
2 цар Агры́па! я лічу сябе шчаслíвым, што магу сёння абараня́цца перад табою ад ўсяго, у чым абвінава́чваюць мяне Іудзеі,
3 асабліва таму, што ты ве́даеш усе звы́чаі і спрэ́чныя пытанні Іудзеяў. Так што прашу цябе вы́слухаць мяне велікаду́шна.
4 Дык вось, жыццё маё з ю́ных гадоў, якое прахо́дзіла ад пачатку сярод народа майго ў Іерусаліме, ве́даюць усе Іудзеі;
5 яны здаўна́ зна́юць мяне і, калі б захацелі, маглі б засве́дчыць, што я жыў фарысе́ем паводле самага стро́гага кіру́нку нашага веравызна́ння.
6 І цяпер я стаю́ перад судом за надзе́ю на Богам да́дзенае айцам нашым абяца́нне,
7 на здзяйсне́нне якога спадзяю́цца ўсе нашы двана́ццаць кален, стара́нна слу́жачы Богу дзень і ноч; за гэтую надзе́ю, цар Агрыпа, і абвінава́чваюць мяне Іудзеі.
8 Дык што́ Няўжо невераго́дным лíчыце вы тое, што Бог уваскраша́е мёртвых?
9 Праўда, і мне здава́лася, што я павінен ру́пна дзе́йнічаць су́праць íмені Іісуса Назарэ́я;
10 гэта я і рабіў у Іерусаліме: і многіх святы́х у цямніцы пасадзíў, атрыма́ўшы ўладу ад першасвятаро́ў, і калі забіва́лі іх, я даваў згоду;
11 і, ва ўсіх сінагогах часта кара́ючы іх, я прымуша́ў іх блюзне́рыць і, бязме́рна люту́ючы су́праць іх, перасле́даваў нават у чужых гарадах.
12 Дзе́ля гэтага ж ідучы́ ў Дама́ск з паўнамо́цтвамі і даручэ́ннем ад першасвятаро́ў,
13 апо́ўдні ў дарозе я ўбачыў, цар, з неба святло, ярчэ́йшае за сонечнае ззя́нне; яно азары́ла мяне і тых, што ішлі са мною.
14 І калі ўсе мы папа́далі на зямлю́, я пачу́ў голас, які прамаўля́ў да мяне і казаў на яўрэ́йскай мове: Саўл, Саўл! чаму ты Мяне гоніш? цяжка табе су́праць ражна́ ісцí.
15 А я сказаў: хто Ты, Госпадзí Ён жа сказаў: Я Іісус, Якога ты гоніш;
16 але падымíся і стань на ногі твае; бо Я дзе́ля гэтага і явíўся табе, каб паста́віць цябе служы́целем і све́дкам таго, што ты бачыў і што Я адкры́ю табе,
17 збаўля́ючы цябе ад народа Іудзейскага і ад язычнікаў, да якіх Я пасыла́ю цябе
18 адкрыць вочы ім, каб яны павярну́ліся ад це́мры да святла́ і ад ула́ды сатаны да Бога, і каб яны атрыма́лі прабачэ́нне грахоў і до́лю між асвячо́ных праз веру ў Мяне.
19 Таму, цар Агрыпа, я не стаў працíвіцца нябе́снаму відзе́нню,
20 а спачатку жыхара́м Дама́ска і Іерусаліма, потым жа па ўсёй краíне Іудзейскай і язы́чнікам прапаве́даваў, каб яны пака́яліся і звярну́ліся да Бога, ро́бячы го́дныя справы пакая́ння.
21 За гэта Іудзеі схапілі мяне ў храме і імкну́ліся ўчынíць распра́ву.
22 Але я, атрыма́ўшы дапамогу ад Бога, да гэтага дня стаю́ і све́дчу і мало́му, і вялікаму, нічога не ка́жучы, акрамя́ таго, аб чым прарокі і Маісей гаварылі, што гэта будзе:
23 што Хрыстос павінен адпаку́таваць, першым уваскрэ́снуць з мёртвых і прапаве́даць святло народу гэтаму і язы́чнікам.
24 Калі ён так прамаўляў у сваю абарону, Фест гучным голасам сказаў: ты стра́ціў розум, Павел! вялікая вучо́насць даво́дзіць цябе да стра́ты розуму.
25 Ён жа кажа: я не стра́ціў розуму, высокашано́ўны Фест, а прамаўля́ю сло́вы ісціны і здаровага сэнсу;
26 бо ведае пра гэта цар, перад якім я і прамаўля́ю ўпэ́ўнена; я не веру, каб утаíлася ад яго што-небудзь з гэтага, бо не ў заку́тку ж яно адбыва́лася;
27 ці ве́рыш ты, цар Агры́па, прарокам? ве́даю, што ве́рыш.
28 Агры́па ж сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаво́рваеш мяне зрабíцца Хрысція́нінам.
29 А Павел сказаў: я б маліўся Богу, каб ці мала, ці многа, не толькі ты, але і ўсе, хто слу́хае мяне сёння, зрабіліся такімі, як я, аднак без гэтых ако́ваў.
30 І калі ён гэта сказаў, паднялíся цар, і правíцель, і Вернíка, і ўсе, хто сядзе́ў з імі;
31 і, адышо́ўшы ўбок, яны размаўля́лі паміж сабою, ка́жучы: нічога ва́ртага смерці або ако́ваў не робіць чалавек гэты.
32 І сказаў Агры́па Фесту: можна было́ б вы́зваліць гэтага чалавека, калі б ён не патрабава́ў суда́ ў ке́сара. Таму і вы́рашыў правíцель паслаць яго да ке́сара.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Дзеянні Святых Апосталаў, 26 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Дзеянні Апосталаў 26 раздзел в переводах:
Дзеянні Апосталаў 26 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.