Паводле Мацьвея 10 разьдзел

1 І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.
2 А дванаццацёх апосталаў імёны вось такія: першы Сымон, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зевядзееў і Ян, брат ягоны.
3 Піліп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Тадэем,
4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.
5 Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзеце і ў горад Самаранскі ня ўваходзьце;
6 а ідзеце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;
7 і ходзячы, прапаведуйце, што наблізілася Царства Нябеснае;
8 хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце.
9 Не бярэце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
10 ні торбы ў дарогу, ні дзьве вопраткі, ні абутку, ні кія. Бо хто працуе, той варты пракорму.
11 У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце;
12 а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: "мір дому гэтаму";
13 і калі дом будзе годны, дык сыйдзе мір ваш на яго; калі ж ня будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца.
14 А калі хто ня прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дома, альбо з горада таго, абцярушэце пыл з ног вашых;
15 праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.
16 Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.
17 Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас,
18 і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі.
19 Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;
20 бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
21 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька – сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх;
22 і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.
23 Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо праўду кажу вам: не пасьпееце абысьці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.
24 Вучань ня вышэйшы за настаўніка, і слуга ня вышэйшы за гаспадара свайго.
25 Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі Вэльзэвулам, дык ці ня тым болей хатніх яго?
26 Дык вось, ня бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, што ня было б уведана.
27 Што кажу вам у цемры, кажэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.
28 І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць ня могуць; а бойцеся болей Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у геене.
29 Ці ж ня дзьве маленькія птушкі прадаюцца за асарый? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага;
30 а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;
31 дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх маленькіх птушак.
32 Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах;
33 а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах.
34 Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, а меч;
35 бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са сьвякрухай яе.
36 І ворагі чалавеку – хатнія ягоныя.
37 Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне;
38 і хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе сьледам за Мною, той ня варты Мяне.
39 Хто зьберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зьберажэ яе.
40 Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;
41 хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарокавую атрымае; і хто прымае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведнікавую атрымае.
42 І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.
← Паводле Мацьвея 9 разьдзел   •   все главы   •   Паводле Мацьвея 11 разьдзел →