Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Мацьвея 21 Паводле Мацьвея 21 раздзел

1 І калі наблізіліся да Ерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,
2 сказаўшы ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і маладога асла зь ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне.
3 І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу пашле іх.
4 А ўсё гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:
5 «скажэце дачцэ Сыёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асьліцы і маладым асьле, сыне пад’ярэмнай».
6 Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус,
7 прывялі асьліцу і маладога асла і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе.
8 Мноства людзей пасьцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэў і пасьцілалі на дарозе;
9 а люд, які ішоў сьпераду і сьледам, усклікаў: асанна Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Асанна ў вышынях!
10 І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, увесь горад узрушыўся і пыталіся і казалі: хто гэта?
11 А люд казаў: Гэта Ісус, Прарок з Назарэта Галілейскага.
12 І ўвайшоў Ісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мяняйлаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
13 і сказаў ім: напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца»; а вы зрабілі зь яго логава разбойнікаў.
14 І прыступілі да Яго ў храме сьляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх.
15 А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме і казалі: «асанна Сыну Давідаваму», абурыліся.
16 і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? А Ісус кажа ім: так! хіба вы ніколі ня чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?».
17 І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч.
18 А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есьці.
19 І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісьця, кажа ёй: хай ня будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца.
20 Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?
21 А Ісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, ня толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: «падыміся і кінься ў мора», — будзе;
22 і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце.
23 І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, падступіліся да Яго першасьвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу?
24 Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.
25 Хрышчэньне Янава адкуль было: зь нябёсаў, ці ад людзей? яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: «зь нябёсаў», дык Ён скажа нам: «чаму ж вы не паверылі яму?»,
26 а калі скажам: «ад людзей», — баімося народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока.
27 І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Сказаў ім Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.
28 А як вам здаецца? У аднаго чалавека было два сыны; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сыне! ідзі, сёньня працуй у вінаградніку маім.
29 Але ён сказаў у адказ: «не хачу», а пасьля, раскаяўшыся, пайшоў.
30 І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар». І не пайшоў.
31 Каторы з двух выканаў бацькаву волю? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Ісус: праўду кажу вам, што мытнікі і распусьніцы паперад вамі ідуць у Царства Божае.
32 Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніца паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не раскаяліся пасьля, каб паверыць яму.
33 Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік: і мурам абгарадзіў яго, і выкапаў у ім чавільню і збудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся.
34 А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў узяць плады свае.
35 Вінаградары, схапіўшы слуг ягоных, каго набілі, каго забілі, а каго каменьнем пабілі.
36 Зноў паслаў ён іншых слуг, больш чым раней; і зь імі ўчынілі тое самае.
37 Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
38 Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай:
39 І схапіўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніка і забілі.
40 І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?
41 Кажуць яму: ліхадзеяў гэтых аддасьць на лютую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.
42 Ісус кажа ім: няўжо вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім: гэта — ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?
43 Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады ягоныя.
44 І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
45 І чуючы прытчы Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць;
46 і памыкаліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце, 21 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Мацьвея 21 раздзел в переводах:
Мацьвея 21 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.