Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Лукаша 23 Паводле Лукаша 23 раздзел

1 І паднялося ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,
2 І пачалі вінаваціць Яго, кажучы: мы знайшлі, што Ён разбэшчвае народ наш і забараняе даваць падатак кесару, называючы Сябе Хрыстом Царом.
3 Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.
4 Пілат сказаў першасьвятарам і народу: я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
5 Але яны настойвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі да гэтай мясьціны.
6 Пілат, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба Ён Галілеянін?
7 І даведаўшыся, што Ён з вобласьці Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў гэтыя дні быў таксама ў Ерусаліме.
8 Ірад, убачыўшы Ісуса, вельмі ўзрадаваўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, таму што шмат чуў пра Яго і спадзяваўся ўбачыць ад Яго які-небудзь цуд,
9 і задаваў Яму многія пытаньні: але Ён нічога не адказваў яму.
10 А першасьвятары і кніжнікі стаялі і зацята вінавацілі Яго.
11 Але Ірад са сваімі воямі, прынізіўшы яго і паглуміўшыся зь Яго, апрануў яго ў сьветлую вопратку і паслаў назад да Пілата.
12 І спрыяціліся ў той дзень Пілат зь Ірадам паміж сабою, бо раней былі ў варожасьці адзін з адным.
13 А Пілат, склікаўшы першасьвятароў і начальнікаў і людзей,
14 сказаў ім: вы прывялі да мяне Чалавека Гэтага, што нібыта разбэшчвае люд; і вось, я пры вас расьсьледаваў і не знайшоў Чалавека Гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы Яго вінаваціце;
15 і Ірад таксама: бо я пасылаў Яго да яго; і нічога ня знойдзена ў Ім вартага сьмерці;
16 дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.
17 А яму і трэба было дзеля сьвята адпусьціць і аднаго вязьня.
18 Але ўвесь люд закрычаў: сьмерць Яму! а адпусьці нам Вараву.
19 Варава быў пасаджаны ў цямніцу за ўчыненую ў горадзе смуту і забойства.
20 Пілат зноў узвысіў голас, хочучы адпусьціць Ісуса.
21 Але яны крычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго!
22 Ён трэйці раз сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? я нічога вартага сьмерці не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, адпушчу.
23 Але яны і далей зь вялікім крыкам дамагаліся, каб Ён быў укрыжаваны; і перамог крык іхні і першасьвятароў.
24 І Пілат разважыў рабіць паводле іхняе просьбы,
25 і адпусьціў ім пасаджанага за смуту і забойства ў цямніцу, якога яны прасілі; а Ісуса аддаў на іхную волю.
26 І калі павялі Яго, дык, захапіўшы нейкага Сымона Кірынеяніна, які ішоў з поля, усклалі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
27 І ішло за Ім вялікае мноства народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім.
28 А Ісус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерусалімскія! ня плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых;
29 бо надыходзяць дні, калі скажуць: дабрашчасныя няплодныя, і ўлоньні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!
30 Тады скажуць гарам: упадзеце на нас! і пагоркам: накрыйце нас!
31 бо, калі з зазелянелым дрэвам гэта робяць, дык з сухім што будзе?
32 Вялі зь Ім на сьмерць і двух зладзеяў.
33 І калі прыйшлі на месца, называнае Лобным, там укрыжавалі Яго і зладзеяў, аднаго з правага, а другога зь левага боку.
34 А Ісус сказаў: Войча! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. І дзялілі адзежу Ягоную, кідаючы жэрабя.
35 І стаялі людзі і глядзелі. А насьміхаліся разам зь імі і начальнікі, кажучы: іншых ратаваў, хай уратуе Сябе Самога, калі Ён Хрыстос, выбранец Божы.
36 Таксама і воі глуміліся зь Яго, падыходзячы і падносячы Яму воцат
37 і кажучы: калі Ты Цар Юдэйскі, уратуй Сябе Самога.
38 І быў над Ім надпіс, напісаны словамі грэцкімі, рымскімі і гэбрэйскімі: Гэты ёсьць Цар Юдэйскі.
39 Адзін з павешаных зладзеяў ліхасловіў на Яго і казаў: калі Ты Хрыстос, уратуй Сябе і нас.
40 А другі наадварот сунімаў яго і казаў: ці ты не баішся Бога, калі і сам засуджаны на тое самае?
41 і мы засуджаныя справядліва, бо заслужанае паводле ўчынкаў нашых прынялі; а Ён нічога благога не зрабіў.
42 І сказаў Ісусу: спамяні мяне, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!
43 І сказаў яму Ісус: праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі.
44 Было ж каля шостай гадзіны дня, і зрабілася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай:
45 і памеркла сонца, і завеса ў храме разадралася пасярэдзіне.
46 Ісус, усклікнуўшы вялікім голасам, сказаў: Войча! у рукі Твае аддаю дух Мой. І сказаўшы гэта, выпусьціў дух.
47 А сотнік, бачачы, што адбылося, уславіў Бога і сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў праведнік.
48 І ўвесь люд, што сыйшоўся на гэта відовішча, бачачы, што адбывалася, вяртаўся, б’ючы сябе ў грудзі.
49 А ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія ішлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта.
50 Тады нехта, на імя Язэп, сябра рады, чалавек добры і праўдзівы,
51 які ня браў удзелу ў радзе і ў справе іхняй, з Арыматэі, горада Юдэйскага, які таксама чакаў Царства Божага,
52 прыйшоў да Пілата і прасіў Цела Ісусавага;
53 і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў яго ў магіле, высечанай у скале, дзе яшчэ ніхто ня быў пакладзены.
54 Дзень той быў пятніца, і настала субота.
55 Пасьледавалі таксама і жанчыны, якія прыйшлі зь Ісусам з Галілеі, і глядзелі магілу, і як ускладалася Цела Ягонае;
56 а вярнуўшыся, прыгатавалі пахошчы і масьці; і ў суботу засталіся ў спакоі паводле запаведзі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце, 23 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Лукаша 23 раздзел в переводах:
Лукаша 23 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.