1 Дык вось, браты мае любасныя і жаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, любасныя мае.
2 Малю Евадыю, малю Сінтыхію думаць гэтак сама пра Госпада;
3 сапраўды, прашу і цябе, мой шчыры супрацоўнік, памагай ім, што памагалі ў зьвеставаньні разам са мною і з Кліментам і з астатнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны — у кнізе жыцьця.
4 Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і яшчэ кажу: радуйцеся.
5 Пакорлівасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Гасподзь блізка.
6 Ня турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прашэньні з падзякаваньнем адкрывайце свае жаданьні Богу, —
7 і мір Божы, які вышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Хрысьце Ісусе.
8 Нарэшце, браты мае, што толькі ў ісьціне, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што любае, што вартае хвалы, што толькі дабрадзейнасьць, ці што пахвалы годнае, — тое і майце наўме.
9 Чаго вы навучыліся, што прынялі і чулі і бачылі ўва мне, тое і выконвайце, — і Бог міру будзе з вамі.
10 Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але вам ня спрыяла нагода.
11 Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць:
12 умею жыць і ў гароце, умею жыць і ў дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы.
13 Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне.
14 Нарэшце, вы добра зрабілі, што ўзялі ўдзел у смутках маіх.
15 Вы ведаеце, Піліпяне, што на пачатку зьвеставаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква, апроч вас адных, ня брала ўдзелу ў маіх выдатках і прыбытках;
16 вы і ў Фесалоніку і раз і два дасылалі мне на патрэбы.
17 Ня тое, каб шукаў я дароў; а шукаю плоду, які памнажаецца на карысьць вам.
18 Я атрымаў усё і маю занадта; я задаволены, атрымаўшы ад Эпафрадыта гасьцінцы вашыя, — салодкія пахошчы, ахвяру прыемную, спадобную Богу.
19 Бог мой няхай адшкадуе вам на любую патрэбу вашую, ад багацьця Свайго ў славе, празь Ісуса Хрыста.
20 А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амін.
21 Вітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
22 Вітаюць вас усе сьвятыя, а найболей з кесаравага дома.
23 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Пасланьне да Піліпянаў, 4 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002