Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Адкрыцьцё 2 Адкрыцьцё 2 раздзел

1 Анёлу Эфэскай царквы напішы: так кажа Той, Хто трымае сем зорак у правіцы Сваёй, Хто ходзіць сярод сямі залатых сьветачаў:
2 «ведаю дзеі твае і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і тое, што ты ня можаш трываць распусных, і выпрабаваў тых, якія называюць сябе апосталамі, а яны не такія, і выявіў, што яны хлусы;
3 ты шмат перажываў і маеш цярплівасьць, і на імя Маё працаваў і не зьнемагаў.
4 Але маю супроць цябе тое, што ты занядбаў першую любоў тваю.
5 Дык узгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі ня так, дык неўзабаве прыйду да цябе і зрушу сьветач твой зь месца ягонага, як не пакаешся.
6 Аднак тое ў табе добрае, што ненавідзіш ты дзеі Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу.
7 Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, таму дам паспытаць ад дрэва жыцьця, што сярод раю Божага».
8 І анёлу Сьмірненскай царквы напішы: «Так кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і вось, жывы:
9 ведаю твае дзеі, і скруху, і галечу, — але ж ты багаты, — і праклёны ад тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі; але яны не такія, а зборня сатанінская.
10 Ня бойся нічога, што табе выпадзе перацярпець. Вось, д’ябал будзе ўкідаць з асяродзьдзя вас у цямніцу, каб спакусіць вас, і будзеце мець скруху дзён дзесяць. Будзь верны да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця.
11 Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможца не зазнае шкоды ад другое сьмерці».
12 І анёлу Пергамскай царквы напішы: «Так кажа Той, Хто мае востры з двух бакоў меч:
13 ведаючы твае дзеі, і што ты жывеш там, дзе трон сатаны, і што трымаеш імя Маё, і ня зрокся веры Мае нават у тыя дні, калі ў вас, дзе жыве сатана, забіты верны сьведка Мой Анціпа.
14 Але маю крыху супроць цябе, бо ёсьць у цябе там такія, што трымаюцца вучэньня Валаама, які навучыў Валака ўвесьці ў спакусу сыноў Ізраілевых, каб яны елі ідалаахвярнае і любаблуднічалі.
15 Так і ў цябе ёсьць прыхільнікі вучэньня Мікалаітаў, якое Я ненавіджу.
16 Пакайся; а калі ня так, неўзабаве прыйду да цябе і ўступлю зь імі ў бой мечам вуснаў Маіх.
17 Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам спажываць патаемную манну, і дам яму белы камень і на камені напісанае новае імя, якога ніхто ня ведае, акрамя таго, хто атрымлівае».
18 І анёлу Фіятырскай царквы напішы: «Так кажа Сын Божы, у Якога вочы — як полымя вогненнае, і ногі падобныя да халкалівану:
19 ведаю твае дзеі, і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і тое, што апошнія дзеі твае большыя за першыя.
20 Але маю крыху супроць цябе, бо ты патураеш жонцы Езавэлі, якая сябе называе прарочыцай, навучаць і зводзіць у зман рабоў Маіх, любаблуднічаць і есьці ідалаахвярнае.
21 Я даў ёй часу пакаяцца ў распусьце яе, але яна не пакаялася.
22 Вось, Я кідаю яе на ложак і тых, што ў распусьце зь ёю, у вялікую скруху, калі не пакаюцца ў дзеях сваіх.
23 І дзяцей яе аддам сьмерці, і зразумеюць усе цэрквы, што Я Той, Хто выпрабоўвае сэрцы і вантробы; і аддам кожнаму з вас паводле ўчынкаў вашых.
24 А вам і астатнім, хто ў Фіятыры, якія ня трымаюцца гэтага вучэньня і якія ня ведаюць так званых глыбіняў сатанінскіх, кажу, што не ўскладу на вас іншага цяжару;
25 толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль прыйду.
26 Хто перамагае і захоўвае дзеі Мае да канца, таму дам уладу над язычнікамі,
27 і будзе пасьвіць іх жазлом жалезным; і, як посуд гліняны, яны скрышацца, як і Я атрымаў уладу ад Айца Майго;
28 і дам яму зорку золкавую.
29 Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Адкрыцьцё Яна Багаслова, 2 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Адкрыцьцё 2 раздзел в переводах:
Адкрыцьцё 2 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Толкования Августина
  7. Новый Библейский Комментарий
  8. Лингвистический. Роджерс
  9. Комментарии Давида Стерна
  10. Библия говорит сегодня
  11. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.