1 І пачуў я з храма гучны голас, які казаў сямі анёлам: ідзеце і выліце сем чараў гневу Божага на зямлю.
2 Пайшоў першы анёл і выліў чару на зямлю: і зрабіліся шкодныя і агідныя раны на людзях, якія мелі кляймо зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму.
3 Другі анёл выліў чару сваю ў мора: і зрабілася кроў, быццам зь мерцьвяка, і ўсё жывое сканала ў моры.
4 Трэйці анёл выліў чару сваю ў рэкі і крыніцы водаў: і зрабілася кроў.
5 І пачуў я анёла водаў, які казаў: праведны Ты, Госпадзе, Які ёсьць і быў, і сьвяты, бо гэтак судзіў;
6 за тое, што яны пралілі кроў сьвятых і прарокаў, Ты даў ім піць кроў: яны вартыя таго.
7 І пачуў я другога ад ахвярніка, які казаў: так, Госпадзе Божа Ўсеўладны, праўдзівыя і справядлівыя суды Твае.
8 Чацьвёрты анёл выліў чару сваю на сонца: і дадзена яму было паліць людзей вагнём.
9 І паліла людзей моцная сьпёка; і яны клялі імя Бога, які мае ўладу над гэтымі пошасьцямі, і не дадумаліся, каб узьнесьці Яму славу.
10 Пяты анёл выліў чару сваю на трон зьвера: і зрабілася царства ягонае змрочнае, і яны кусалі языкі свае ад пакуты,
11 і клялі Бога Нябеснага ад цярпеньняў сваіх і пошасьцяў сваіх.
12 Шосты анёл выліў чару сваю ў вялікую раку Эўфрат: і высахла ў ёй вада, каб гатовы быў шлях царам з усходу сонечнага.
13 І бачыў я, як выходзілі з вуснаў цмока і з вуснаў зьвера і з вуснаў ілжэпрарока тры духі нячыстыя, падобныя на жабаў:
14 гэта дэманскія духі, што твораць азнакі; яны выходзяць да цароў зямлі ўсяго сьвету, каб сабраць іх на бітву ў той вялікі дзень Бога Ўсеўладнага.
15 Вось, іду як злодзей: дабрашчасьнік — хто чувае і захоўвае адзеньне сваё, каб не хадзіць яму голым і каб ня ўбачылі сараматы ягонай.
16 І ён сабраў іх на месца, якое называецца па-Габрэйску Армагедон.
17 Сёмы анёл выліў чару сваю на паветра: і з храма нябеснага з трона пачуўся голас, які сказаў: збылося!
18 І ўзьніклі маланкі, грымоты і галасы, і зрабілася вялікае трасеньне зямлі, якога ня бывала з таго часу, як людзі на зямлі. Такі землятрус! Такі вялікі!
19 І горад вялікі распаўся на тры часткі, і гарады язычніцкія зруйнаваліся, і Вавілон вялікі ўзгаданы перад Богам, каб даць яму чару віна лютага гневу Ягонага.
20 І счэзла кожная выспа, і гор ня стала;
21 і град, велічынёю з талант, упаў зь неба на людзей; і клялі людзі Бога за пошасьці ад граду, бо пошасьць ад яго была вельмі цяжкая.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Адкрыцьцё Яна Багаслова, 16 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002