Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Быццё 5 Быццё 5 раздзел

1 І вось радавод Адама: калі Бог стварыў чалавека, паводле падабенства Божага стварыў яго,
2 мужчыну і жанчыну стварыў іх, і дабраславіў іх, і даў ім імя: чалавек, у дзень стварэньня іх.
3 Адам жыў сто трыццаць гадоў, і спарадзіў сына паводле падабенства свайго і паводле вобразу свайго, і даў яму імя: Сіф.
4 Дзён Адама пасьля нараджэньня ім Сіфа было васямсот гадоў, і спарадзіў ён сыноў і дачок.
5 А ўсіх дзён жыцьця Адамавага было дзевяцьсот трыццаць гадоў; і ён памёр.
6 Сіф жыў сто пяць гадоў і спарадзіў Эноса.
7 Пасьля нараджэньня Эноса Сіф жыў васямсот сем гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
8 А ўсіх дзён Сіфавых было дзевяцьсот дванаццаць гадоў; і ён памёр.
9 Энос жыў дзевяноста гадоў і спарадзіў Каінана.
10 Пасьля нараджэньня Каінана Энос жыў васямсот пятнаццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
11 А ўсіх дзён Эносавых было дзевяцьсот пяць гадоў; і ён памёр.
12 Каінан жыў семдзесят гадоў і спарадзіў Малелэіла.
13 Пасьля нараджэньня Малелэіла Каінан жыў васямсот сорак гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
14 А ўсіх дзён Каінанавых было дзевяцьсот дзесяць гадоў; і ён памёр.
15 Малелэіл жыў шэсьцьдзясят пяць гадоў і спарадзіў Ярэда.
16 Пасьля нараджэньня Ярэда Малелэіл жыў васямсот трыццаць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
17 А ўсіх дзён Малелэілавых было васямсот дзевяноста пяць гадоў; і ён памёр.
18 Ярэд жыў сто шэсьцьдзясят два гады і спарадзіў Эноха.
19 Пасьля нараджэньня Эноха Ярэд жыў сто восемдзесят гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
20 А ўсіх дзён Ярэдавых было дзевяцьсот шэсьцьдзясят два гады; і ён памёр.
21 Энох жыў шэсьцьдзясят пяць гадоў і спарадзіў Мафусала.
22 І хадзіў Энох прад Богам, пасьля нараджэньня Мафусала, трыста гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
23 А ўсіх дзён Эноха было трыста шэсьцьдзясят пяць гадоў.
24 І хадзіў Энох прад Богам; і ня стала яго, бо Бог узяў яго.
25 Мафусал жыў сто восемдзесят сем гадоў і спарадзіў Ламэха.
26 Пасьля нараджэньня Ламэха Мафусал жыў сямсот восемдзесят два гады і спарадзіў сыноў і дачок.
27 А ўсіх дзён Мафусалавых было дзевяцьсот шэсьцьдзясят дзевяць гадоў; і ён памёр.
28 Ламэх жыў сто восемдзесят два гады і спарадзіў сына,
29 і даў яму імя: Ной, сказаўшы: ён суцешыць нас у працы нашай і ў працы рук нашых, калі ўрабляцьме зямлю, якую пракляў Гасподзь Бог.
30 І жыў Ламэх пасьля нараджэньня Ноя пяцьсот дзевяноста пяць гадоў і спарадзіў сыноў і дачок.
31 А ўсіх дзён Ламэхавых было сямсот семдзесят сем гадоў; і ён памёр.
32 Ною было пяцьсот гадоў; і спарадзіў Ной трох сыноў: Сіма, Хама і Яфэта.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Быццё, 5 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.