Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Быццё 16 Быццё 16 раздзел

1 Але Сара, Абрамава жонка, не нараджала яму. У яе была служанка Егіпцянка, на імя Агур.
2 І сказала Сара Абраму: вось, Гасподзь замкнуў чэрава маё, каб мне не раджаць; увайдзі ж да служанкі маёй: можа, я буду мець дзяцей ад яе. Абрам паслухаўся Сарыных слоў.
3 І ўзяла Сара, жонка Абрамава, Егіпцянку Агар, пасьля таго як прайшло дзесяць гадоў Абрамавых у зямлі Ханаанскай, і дала яе Абраму, мужу свайму, за жонку.
4 Ён увайшоў да Агары, і яна зачала. А ўбачыўшы, што зачала, яна пачала пагарджаць гаспадыняй сваёй.
5 І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты; я аддала служанку маю ва ўтробу тваю; а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною; Гасподзь хай будзе судзьдзя паміж мною і табою.
6 Абрам сказаў Сары: вось, служанка твая ў тваіх руках; рабі зь ёю, што табе заўгодна. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе.
7 І знайшоў яе анёл Гасподні каля крыніцы вады ў пустыні, каля крыніцы на дарозе да Сура.
8 І сказаў: Агар, служанка Сарына, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш? Яна сказала: я бягу ад аблічча Сары, гаспадыні маёй.
9 І сказаў ёй анёл Гасподні: вярніся, да гаспадыні сваёй і скарыся ёй.
10 І сказаў ёй анёл Гасподні: множачы памножу нашчадкаў тваіх, так што нельга будзе і палічыць іх ад мноства.
11 І яшчэ сказаў ёй анёл Гасподні: вось, ты цяжарная, і народзіш сына, і дасі яму імя: Ізмаіл; бо пачуў Гасподзь пакуту тваю;
12 ён будзе сярод людзей дзікі асёл: рукі яго на ўсіх, і рукі ўсіх на ім; жыцьме ён перад абліччам усіх братоў сваіх.
13 І назвала Госпада, Які гаварыў зь ёю, гэтым імем: Ты Бог, Які бачыць мяне. Бо сказала яна: праўда, я бачыла тут Таго, Які сьледам бачыць мяне.
14 Таму крыніца тая называецца: Бэер-Лахай-Роі. Яна паміж Кадэсам і Барэдам.
15 Агар нарадзіла Абраму сына; і назваў імя сыну свайму, народжанаму ад Агары: Ізмаіл.
16 Абраму было восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Абраму Ізмаіла.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Быццё, 16 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.