Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Выхад 2 Выхад 2 раздзел

1 Нехта з роду Лявіінага пайшоў і ўзяў сабе за жонку з таго ж самага роду.
2 Жонка зачала і нарадзіла сына, і бачачы, што ён вельмі прыгожы, хавала яго тры месяцы;
3 але ня могучы даўжэй хаваць яго, узяла трысьняговы кош і засмаліла яго асфальтам і смалою і, паклаўшы ў яго немаўля, паставіла ў трысьнягу на беразе ракі,
4 а сястра яго пачала здалёк назіраць, што зь ім будзе.
5 І выйшла дачка фараонава на раку мыцца, а прыслужніцы яе хадзілі па беразе ракі. Яна ўбачыла кош сярод трысьнягу і паслала рабыню сваю ўзяць яго.
6 Адкрыла і ўбачыла немаўля; і вось, дзіця плача; і ўмілажалілася зь яго і сказала: гэта з Габрэйскіх дзяцей.
7 І сказала сястра яго дачцэ фараонавай: ці не схадзіць мне і ці не паклікаць да цябе карміцельку з Габрэек, каб яна мамчыла табе немаўля?
8 Дачка фараонава сказала ёй: схадзі. Дзяўчына пайшла і паклікала маці немаўляці.
9 Дачка фараонава сказала ёй: вазьмі гэтае немаўля і мамчы яго мне; я заплачу табе. Жанчына ўзяла немаўля і мамчыла яго.
10 І вырасла немаўля, і яна прывяла яго да дачкі фараонавай, і ён быў у яе за сына, і дала яму імя: Майсей, бо, казала яна, я з вады дастала яго.
11 Праз доўгі час, калі Майсей вырас, сталася, што ён выйшаў да братоў сваіх і ўбачыў цяжкую працу іхнюю; і ўбачыў, што Егіпцянін б’е аднаго Габрэя з братоў ягоных.
12 Паглядзеўшы туды і сюды і бачачы, што няма нікога, ён забіў Егіпцяніна і схаваў яго ў пяску.
13 І выйшаў ён на другі дзень, і вось, два Габрэі сварацца; і сказаў ён крыўдзіцелю: навошта ты б’еш блізкага твайго?
14 А той сказаў: хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзёю над намі? ці ня думаеш ты забіць і мяне, як забіў Егіпцяніна? Майсей спалохаўся і сказаў: правільна, даведаліся пра гэтую справу.
15 І пачуў фараон пра гэтую справу і хацеў забіць Майсея; але Майсей уцёк ад фараона і жыў у зямлі Мадыямскай і сеў каля калодзежа.
16 У сьвятара Мадыямскага сем дочак. Яны прыйшлі, начэрпалі вады і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго.
17 І прыйшлі пастухі і адагналі іх. Тады ўстаў Майсей і абараніў іх, і напаіў авечак іхніх.
18 І прыйшлі яны да Рагуіла, бацькі свайго, і ён сказаў: што вы так хутка прыйшлі сёньня?
19 Яны сказалі: нейкі Егіпцянін абараніў нас ад пастухоў, і нават начэрпаў нам вады і напаіў авечак.
20 Ён сказаў дочкам сваім: дзе ж ён? навошта вы яго пакінулі? клікніце яго, і хай ён есьць хлеб.
21 Майсею спадабалася жыць у гэтага чалавека; і той выдаў за Майсея дачку сваю Сэпфору.
22 Яна нарадзіла сына, і даў яму імя: Гірсам, бо, казаў ён, я зрабіўся прыхаднем у чужой зямлі.
23 Праз доўгі час, памёр цар Егіпецкі. І стагналі сыны Ізраілевыя ад працы і енчылі, і енк іхні ад працы ўзышоў да Бога.
24 І пачуў Бог стогн іхні, і ўспомніў Бог заруку Сваю з Абрагамам, Ісаакам і Якавам.
25 І ўбачыў Бог сыноў Ізраілевых, і дагледзеў іх Бог.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Выхад, 2 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.