Выхад 13 разьдзел

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2 высьвяці мне кожнага першынца, які раскрывае ўлоньне сярод сыноў Ізраілевых, ад чалавека да быдла, Мае яны.
3 І сказаў Майсей народу: памятайце гэты дзень, у які выйшлі вы зь Егіпта, з дому рабства, бо рукою моцнаю вывеў вас Гасподзь адтуль, і ня ежце квашанага:
4 сёньня выходзіце вы, у месяцы Авіве.
5 І калі ўвядзе цябе Гасподзь у зямлю Хананэяў і Хэтэяў, і Амораў і Эвэяў і Евусэяў, якою запрысягнуўся Ён бацькам тваім, што дасьць табе зямлю, дзе цячэ малако і мёд, – дык учыняй гэта служэньне ў гэтым месяцы;
6 сем дзён еж прэсны хлеб, і ў сёмы дзень сьвята Госпаду:
7 прэсны хлеб трэба есьці сем дзён, і не павінен быць у цябе квашаны хлеб, і не павінна быць у цябе квашанага ва ўсіх межах тваіх.
8 І абвясьці ў дзень той сыну твайму, кажучы: гэта дзеля таго, што Гасподзь зрабіў са мною, калі я выйшаў зь Егіпта.
9 І хай будзе табе гэта знакам на руцэ тваёй і помнікам перад вачыма тваімі, каб закон Гасподні быў у вуснах тваіх; бо рукою моцнаю вывеў Гасподзь зь Егіпта.
10 Выконвай жа статут гэты ў прызначаны час, год у год.
11 І калі выведзе цябе Гасподзь у зямлю Ханаанскую, як ён запрысягаўся табе і бацькам тваім, і дасьць яе табе, –
12 аддзяляй Госпаду ўсё, што расхіляе сьцёгны; і ўсё першароднае з жывёлы, якое ў цябе будзе, мужчынскага полу, Госпаду;
13 а кожнага асла, які расхіляе, замяняй ягнём; а калі не заменіш; выкупі яго; і кожнага першынца чалавечага з сыноў тваіх выкупай.
14 І калі пасьля спытаецца ў цябе сын твой, кажучы: што гэта? дык скажы яму: рукою моцнаю вывеў нас Гасподзь зь Егіпта, з дому рабства;
15 бо калі фараон упарціўся адпусьціць нас, Гасподзь усьмерціў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца чалавечага да першынца з жывёлы, – таму я прыношу ў ахвяру Госпаду ўсё, што расхіляе сьцёгны, мужчынскага полу, а кожнага першынца з сыноў маіх выкупляю;
16 і хай будзе гэта знакам на руцэ тваёй і замест павязкі над вачыма тваімі; бо рукою моцнаю Гасподзь вывеў нас зь Егіпта.
17 Калі ж фараон адпусьціў народ, Бог не павёў яго па дарозе зямлі Філістымскай, бо яна блізкая; бо сказаў Бог: каб не раскаяўся народ, убачыўшы вайну, і не вярнуўся ў Егіпет.
18 І абвёў Бог народ дарогаю пустэльнаю да Чэрмнага мора. І выйшлі сыны Ізраілевыя ўзброеныя зь зямлі Егіпецкай.
19 І ўзяў Майсей з сабою косьці Язэпа, бо прысягаю запрысягнуў сыноў Ізраілевых, сказаўшы: наведае вас Бог, і вы з сабою вынесіце косьці мае адгэтуль.
20 І рушылі з Сакхота і разьмясьціліся табарам у Этаме, на краі пустыні.
21 А Гасподзь ішоў перад імі ўдзень у слупе воблачным, паказваючы ім дарогу, а ўначы ў слупе вогненным, сьвецячы ім, каб ішлі яны і ўдзень і ўначы.
22 Ня ўхіляўся слуп воблачны ўдзень і слуп вогненны ўначы з вачэй народа.
← Выхад 12 разьдзел   •   все главы   •   Выхад 14 разьдзел →