Выхад 14 разьдзел

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2 скажы сынам Ізраілевым, каб яны павярнуліся і сталі табарам перад Пі-Гахіротам, паміж Мігдолам і морам, перад Ваал-Цафонам; насупраць яго атабарцеся каля мора.
3 І скажа фараон пра сыноў Ізраілевых: яны заблудзіліся ў зямлі гэтай, замкнула іх пустыня.
4 А Я напоўню чэрствасьцю сэрца фараону, і ён пагоніцца за імі, і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным; і ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь. І зрабілі так.
5 І абвешчана было цару Егіпецкаму, што народ уцёк; і абярнулася сэрца фараонава і рабоў ягоных супроць народу гэтага, і яны сказалі: што гэта мы зрабілі? навошта мы адпусьцілі Ізраільцянаў, каб яны не працавалі на нас?
6 Фараон запрог калясьніцу сваю і народ свой узяў з сабою;
7 і ўзяў шасьцьсот калясьніц адборных, і ўсе калясьніцы Егіпецкія, і правадыроў над усімі імі.
8 І ачарсьцьвіў Гасподзь сэрца фараону, цару Егіпецкаму, і ён пагнаўся за сынамі Ізраілевымі; а сыны Ізраілевыя ішлі пад рукою высокаю.
9 І пагналіся за імі Егіпцяне, і ўсе коні з калясьніцамі фараонавымі, і верхаўцы, і ўсё войска ягонае, і дагналі іх атабараных каля мора, пры Пі-Гахіроце, перад Ваал-Цафонам.
10 Фараон наблізіўся, і сыны Ізраілевыя азірнуліся, і вось, Егіпцяне ідуць за імі: і вельмі спалохаліся і закрычалі сыны Ізраілевыя да Госпада,
11 і сказалі Майсею: хіба няма магілаў у Егіпце, што ты прывёў нас паміраць у пустыні? што гэта ты зрабіў з намі, вывеўшы нас зь Егіпта?
12 Ці ж ня гэта самае казалі мы табе ў Егіпце, сказаўшы: пакінь нас, няхай мы будзем працаваць на Егіпцянаў. Бо лепш нам быць у рабстве ў Егіпцянаў, чым памерці ў пустыні.
13 Але Майсей сказаў народу: ня бойцеся, стойце – і ўбачыце выратаваньне ад Госпада, якое Ён дасьць вам і сёньня, бо Егіпцянаў, якіх вы бачыце сёньня, больш ня ўбачыце вавек;
14 Гасподзь будзе змагацца за вас, і вы будзьце спакойныя.
15 І сказаў Гасподзь Майсею: чаго ты крычыш да Мяне? скажы сынам Ізраілевым, каб яны ішлі;
16 а ты падымі посах твой, і працягні руку тваю на мора, і падзялі яго, і пройдуць сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім;
17 А Я зраблю чэрствым сэрца Егіпцянам, і яны пойдуць сьледам за імі; і пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску ягоным і на верхаўцах ягоных:
18 І спазнаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі пакажу славу Маю на фараоне, на калясьніцах ягоных і на вераўцах ягоных.
19 І рушыўся анёл Божы, які ішоў за імі; рушыўся і слуп воблачны ад аблічча іхняга, і стаў па-за імі.
20 і ўвайшоў усярэдзіну паміж табарам Егіпецкім і табарам Ізраілевым, і быў воблакам і змрокам адным і асьвятляў ноч другім, і ня зьблізіліся яны адны з аднымі праз усю ноч.
21 І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і гнаў Гасподзь мора моцным усходнім ветрам усю ноч і зрабіў мора сушаю; і расступіліся воды.
22 І пайшлі сыны Ізраілевыя сярод мора па сухім: а воды былі ім сьцяною з правага і зь левага боку.
23 Пагналіся Егіпцяне, і ўвайшлі за імі ўсярэдзіну мора ўсе коні фараонавыя, калясьніцы ягоныя і верхаўцы ягоныя.
24 І ў ранішнюю варту паглядзеў Гасподзь на табар Егіпцянаў з слупа вогненнага і воблачнага і прывёў у замяшаньне табар Егіпцянаў;
25 і зьнярухоміў колы ў калясьніцах іхніх, так што яны валаклі іх зь цяжкасьцю. І сказалі Егіпцяне: пабяжым ад Ізраільцянаў, бо Гасподзь змагаецца за іх супроць Егіпцянаў.
26 І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю на мора, і хай павернуцца воды на Егіпцянаў, на калясьніцы іхнія і на верхаўцоў іхніх.
27 І прасьцёр Майсей руку сваю на мора, і пад раніцу вада вярнулася ў сваё месца; а Егіпцяне беглі насустрач. Так патапіў Гасподзь Егіпцянаў сярод мора.
28 І вада вярнулася і пакрыла калясьніцы і верхаўцоў усяго войска фараонавага, якія ўвайшлі за імі ў мора; не засталося ніводнага зь іх.
29 А сыны Ізраілевыя прайшлі па сушы сярод мора: воды былі ім сьцяною па правы і па левы бок.
30 І выбавіў Гасподзь у дзень той Ізраільцянаў з рук Егіпцянаў, і ўбачылі сыны Ізраілевыя Егіпцянаў мёртвых на беразе мора.
31 І ўбачылі Ізраільцяне руку вялікую, якую прасьцёр Гасподзь над Егіпцянамі, і спалохаўся народ Госпада і паверыў Госпаду і Майсею, рабу Ягонаму.
← Выхад 13 разьдзел   •   все главы   •   Выхад 15 разьдзел →