Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Лявіт 22 Лявіт 22 раздзел

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
2 скажы Аарону і сынам ягоным, каб яны асьцярожныя былі са сьвятынямі сыноў Ізраілевых і не зьневажалі сьвятога імя Майго ў тым, што яны прысьвячаюць Мне. Я Гасподзь.
3 Скажы ім: калі хто з нашчадкаў вашых у роды вашыя, маючы на сабе нячыстасьць, падступіцца да сьвятыняў, якія прысьвячаюць сыны Ізраілевыя Госпаду, дык зьнішчыцца душа тая ад аблічча Майго. Я Гасподзь.
4 Хто зь семя Ааронавага пракажоны, альбо мае цечыва, той не павінен есьці сьвятыняў, пакуль не ачысьціцца; і хто дакранецца да чаго-небудзь нячыстага ад мёртвага альбо ў каго здарыцца цеча семені,
5 альбо хто дакранецца да якога-небудзь гада, ад якога ён зробіцца нячысты, альбо да чалавека, ад якога ён зробіцца нячысты якой-колечы нячыстасьцю, —
6 той, дакрануўшыся да гэтага, нячысты будзе да вечара і не павінен есьці сьвятыняў раней, чым абмые цела сваё вадою;
7 але калі зойдзе сонца, і ён ачысьціцца, тады можа ён есьці сьвятыні, бо гэта ягоная ежа.
8 Здыхляціны і зьвераядзіны ён не павінен есьці, каб не апаганіцца гэтым. Я Гасподзь.
9 Хай шануюць яны загады Мае, каб не панесьці на сабе грэху і не памерці ў ім, калі парушаць гэта. Я Гасподзь, Які асьвячае іх.
10 Ніхто староньні ня можа есьці сьвятыні; той, хто пасяліўся ў сьвятара, і найміт не павінен есьці сьвятыні;
11 калі ж сьвятар купіць сабе чалавека за срэбра, дык гэты можа есьці яе; таксама і дамачадцы могуць есьці хлеб ягоны.
12 Калі дачка сьвятарова выйдзе замуж за староньняга, дык яна не павінна есьці прынесеных сьвятыняў;
13 а калі дачка сьвятаровая будзе ўдава, альбо разьведзеная, і дзяцей ня будзе ў яе, і вернецца ў дом бацькі свайго, як была ў маладосьці сваёй, тады яна можа есьці хлеб бацькі свайго; і ніхто староньні не павінен есьці яго.
14 хто памылкова зьесьць што-колечы зь сьвятыні, той павінен аддаць сьвятару сьвятыню і дадаць да яе пятую долю яе.
15 Сьвятары самыя не павінны ганьбіць сьвятыні сыноў Ізраілевых, якія яны прыносяць Госпаду,
16 і не павінны наклікаць на сябе віну ў злачынстве, калі будуць есьці сьвятыні свае, бо Я Гасподзь, Які асьвячае іх.
17 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
18 абвясьці Аарону і сынам ягоным і ўсім сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з дому Ізраілевага, альбо з прыхадняў сярод Ізраільцянаў, хай паводле абяцаньня якога, альбо з руплівасьці прыносіць ахвяру сваю, якую прыносяць Госпаду на цэласпаленьне,
19 дык, каб гэтым набыць упадабаньне ў Бога, ахвяра павінна быць без пахібы, мужчынскага полу, з буйнога быдла, з авечак і з коз.
20 ніякай жывёліны, на якой ёсьць пахіба, ня прыносьце, бо гэта не здабудзе вам упадабаньня.
21 І калі хто прыносіць мірную ахвяру Госпаду, выконваючы абяцаньне, альбо з руплівасьці, з буйнога быдла альбо з дробнага, дык ахвяра павінна быць без пахібы, каб быць даспадобы Богу: ніякай пахібы не павінна быць на ёй;
22 жывёліны сьляпое, альбо пашкоджанай, альбо выродлівай, альбо хворай, альбо кароставай, альбо пархатай, такіх ня прыносьце Госпаду і ў ахвяру не давайце іх на ахвярнік Гасподні;
23 цяля і ягня з чэлесамі, непамерна доўгімі альбо кароткімі, у ахвяру руплівасьці прынесьці можаш; а калі паводле абяцаньня, дык гэта недаспадобы будзе Богу;
24 жывёліны, у якое яйкі раздушаныя, разьбітыя, адарваныя, альбо выразаныя, ня прыносьце Госпаду і ў зямлі вашай не рабеце гэтага;
25 і з рук іншаземцаў ня прыносьце дароў Богу вашаму, бо на іх ёсьць хібіна, загана на іх: ня будуць яны прынятыя ад вас.
26 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
27 калі народзіцца цяля, альбо ягня, альбо казьляня, дык сем дзён яны павінны прабыць пры маці сваёй, а з восьмага дня і далей будзе спадобнае на прынясеньне ў ахвяру Госпаду;
28 але ні каровы, ні авечкі не калеце ў той самы дзень з прыплодам яе.
29 Калі прыносіце Госпаду ахвяру падзякі, дык прыносьце яе так, каб яна здабыла вам упадабаньне;
30 таго ж самага дня трэба зьесьці яе, не пакідайце яе да раніцы. Я Гасподзь.
31 І шануйце запаведзі Мае і выконвайце іх. Я Гасподзь.
32 Не зьневажайце сьвятога імя Майго, каб Я быў сьвяты сярод сыноў Ізраілевых. Я Гасподзь, Які асьвячае вас,
33 Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам: Я Гасподзь.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Лявіт, 22 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.