1 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
2 палічы сыноў Каатавых з сыноў Лявіі паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,
3 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, каб несьці працу ў скініі сходу.
4 Вось служба сыноў Каатавых у скініі сходу: насіць Сьвятое Сьвятых.
5 Калі табару трэба выправіцца ў дарогу, Аарон і сыны ягоныя ўвойдуць, і здымуць заслону, якою закрываюць, і накрыюць ёю каўчэг адкрыцьця;
6 і пакладуць на яе покрыва са скураў сіняга колеру, а паўзьверх яго накінуць покрыва ўсё з блакітнай воўны, і ўставяць жэрдкі яго;
7 і стол хлябоў ахвяраваньня накрыюць тканінай з блакітнай воўны, і паставяць на ім місы, талеркі, чары і кубкі для паліваньня, і хлеб яго заўсёдны павінен быць на ім;
8 і пакладуць на іх тканіну барвовую, і накрыюць яе покрывам са скуры сіняга колеру, і ўставяць жэрдкі яго;
9 і возьмуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць сьвяцільню і лампады яго, і абцугі яго і латкі яго, і ўвесь посуд пад алей, які ўжываецца пры ім,
10 і накрыюць яго і ўсе прылады яго покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі;
11 і на залаты ахвярнік пакладуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.
12 І возьмуць усе рэчы службовыя, якія ўжываюцца на служэньні ў сьвятыні, і пакладуць у тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць іх покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі.
13 І ачысьцяць ахвярнік ад попелу і накрыюць яго тканінаю пурпуроваю;
14 і пакладуць на яго ўвесь посуд яго, які ўжываецца ў служэньні каля яго — вугольніцы, відэльцы, лапаткі і чары, увесь посуд ахвярніка — і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.
15 Калі, пры выпраўленьні ў дарогу табара, Аарон і сыны ягоныя накрыюць усю сьвятыню і ўсе рэчы сьвятыні, тады сыны Кааты падыдуць, каб несьці; але не павінны яны дакранацца да сьвятыні, каб не памерці. Гэтыя часткі скініі сходу павінны насіць сыны Каатавыя.
16 Элеазару, сыну Аарона сьвятара, даручаецца алей для сьвяцільні і пахучае дымленьне, і заўсёднае хлебнае прынашэньне і алей памазаньня, — даручаецца ўся скінія і ўсё, што ў ёй, сьвятыня і прылады яе.
17 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
18 не загубеце племя родаў Каатавых спасярод лявітаў,
19 але вось, што зрабеце ім, каб яны былі жывыя і не памерлі, калі падыходзяць да Сьвятога Сьвятых: Аарон і сыны Ягоныя няхай прыйдуць і паставяць іх кожнага ў служэньні ягоным і каля ношы ягонае;
20 але самыя яны не павінны падыходзіць, глядзець сьвятыню; калі накрываюць яе, каб не памерці.
21 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
22 палічы і сыноў Гірсонавых паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх,
23 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы іх усіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.
24 Вось працы сямействаў Гірсонавых, пры іхнім служэньні і нашэньні цяжараў:
25 яны павінны насіць покрывы скініі, і скінію сходу, і покрыва яе, і покрыва скураное сіняе, якое паверсе яго, і заслону на ўваход у скінію сходу,
26 і заслоны двара, і заслону на ўваход у двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі іх і ўсе рэчы, якія належаць да іх; і ўсё, што робіцца пры іх, яны павінны рабіць;
27 па загадзе Аарона і сыноў ягоных павінны чыніцца ўсе службы сыноў Гірсонавых пры ўсякім нашэньні цяжараў і ўсякай працы іхняй, і даручэце іх захаваньню ўсё, што яны носяць;
28 вось службы родаў сыноў Гірсонавых у скініі сходу, і вось, што даручаецца іх захаваньню пад наглядам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.
29 Сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх палічы,
30 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы ўсіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.
31 Вось, што яны павінны насіць, пасьля службы іхняй пры скініі сходу: брусы скініі і жэрдкі яе, і слупы яе і падножжы яе,
32 і слупы двара з усіх бакоў і падножжы іх, і калы іх і вяроўкі іх, і ўсе рэчы пры іх і ўсе прылады іх; і паімённа палічэце рэчы, якія яны абавязаны насіць;
33 вось працы родаў сыноў Мэрарыных, пасьля службы іх пры скініі сходу, пад наглядам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.
34 І палічылі Майсей і Аарон і правадыры супольства сыноў Каатавых паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,
35 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, для працы ў скініі сходу;
36 і было палічана, паводле родаў іхніх, дзьве тысячы сямсот пяцьдзясят:
37 гэта — палічаныя з родаў Каатавых, усе службы пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.
38 І палічаны сыны Гірсонавыя паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,
39 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы ў скініі сходу;
40 і было палічана паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць:
41 гэта — палічаныя з родаў сыноў Гірсона, усе службіты пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон, па загадзе Гасподнім.
42 І палічаны роды сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,
43 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы пры скініі сходу;
44 і было налічана паводле родаў іхніх тры тысячы дзьвесьце:
45 гэта — палічаныя з родаў сыноў Мэрарыных, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.
46 І палічаны ўсе лявіты, якіх палічыў Майсей і Аарон і правадыры Ізраіля паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,
47 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы ў працы і нашэньня ў скініі сходу;
48 і было налічана іх восем тысяч пяцьсот восемдзесят;
49 па загадзе Гасподнім праз Майсея вызначаны яны кожны да сваёй працы і нашэньня, і палічаны, як загадаў Гасподзь Майсею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Лікі, 4 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.