1 І сказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай на другі год пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай, у першы месяц, кажучы:
2 хай сыны Ізраілевыя ўчыняць Пасху ў вызначаны час:
3 на чатырнаццаты дзень гэтага месяца ўвечары ўчынеце яе ў вызначаны на яе час, паводле ўсіх пастановаў і паводле ўсіх абрадаў яе ўчынеце яе.
4 І сказаў Майсей сынам Ізраілевым, каб учынілі Пасху.
5 І ўчынілі яны Пасху ў першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары ў пустыні Сінайскай: ва ўсім, як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя.
6 Былі людзі, якія былі нячыстыя ад дакрананьня да мёртвых целаў чалавечых, і не маглі ўчыніць Пасхі ў той дзень; і прыйшлі яны да Майсея і Аарона ў той дзень,
7 і сказалі яму тыя людзі: мы нячыстыя ад дакрананьня да мёртвых целаў чалавечых; навошта нас пазбаўляць таго, каб мы прынесьлі прынашэньне Госпаду ў вызначаны час сярод сыноў Ізраілевых?
8 І сказаў ім Майсей: пастойце, я паслухаю, што загадае пра вас Гасподзь.
9 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць;
10 скажы сынам Ізраілевым: калі хто з вас альбо з наступнікаў вашых будзе нячысты ад дакрананьня да мёртвага цела, альбо будзе ў далёкай дарозе, дык і ён павінен учыніць Пасху Гасподнюю;
11 а на чатырнаццаты дзень другога месяца ўвечары няхай яны ўчыняць яе і з праснакамі і з горкімі травамі няхай ядуць яе;
12 і няхай не пакідаюць ад яе да раніцы і касьцей яе ня трушчаць; няхай учыняць яе паводле ўсіх пастановаў пра Пасху;
13 а хто чысты і не ў дарозе і ня ўчыніць Пасхі, — зьнішчыцца душа тая з народу свайго, бо ён не прынясе прынашэньня Госпаду ў свой час, панясе на сабе грэх чалавек той;
14 калі будзе жыць у вас прыхадзень, дык і ён павінен учыняць Пасху Гасподнюю: паводле пастановы пра Пасху і паводле абраду яе ён павінен учыніць яе; адзін статут хай будзе ў вас і прыхадню і тубыльцу.
15 У той дзень, калі ўстаноўлена была скінія, воблака ахінула скінію адкрыцьця, і зь вечара над скініяй як бы агонь быў відзён да самае раніцы.
16 Так было і заўсёды: воблака ахінала яе ўдзень і падабенства агню ўначы.
17 І калі воблака падымалася ад скініі, тады сыны Ізраілевыя выпраўляліся ў дарогу, і на месцы, дзе спынялася воблака, там спыняліся табарам сыны Ізраілевыя.
18 Па загадзе Гасподнім выпраўляліся сыны Ізраілевыя ў дарогу і па загадзе Гасподнім спыняліся: увесь той час, калі воблака стаяла над скініяй, стаялі і яны;
19 і калі воблака доўгі час было над скініяй, дык і сыны Ізраілевыя сьледавалі гэтаму ўказаньню Госпада і не выпраўляліся;
20 а часам воблака нядоўга было над скініяй: яны па ўказаньні Гасподнім спыняліся і па ўказаньні Гасподнім выпраўляліся ў дарогу;
21 часам воблака стаяла толькі ад вечара да раніцы, і раніцай падымалася воблака, тады і яны выпраўляліся; альбо дзень і ноч стаяла воблака, і калі падымалася, і яны тады выпраўляліся;
22 альбо калі два дні альбо месяц, альбо некалькі дзён стаяла воблака над скініяй, дык і сыны Ізраілевыя стаялі і не выпраўляліся ў дарогу; а калі яно падымалася, тады выпраўляліся;
23 па ўказаньні Гасподнім спыняліся і па ўказаньні Гасподнім выпраўляліся ў дарогу: сьледавалі ўказанью Гасподняму і паводле загаду Гасподняга Майсею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Лікі, 9 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.