Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Другі закон 6 Другі закон 6 раздзел

1 Вось запаведзі, пастановы і законы, якім загадаў Гасподзь, Бог ваш, навучыць вас, каб вы рабілі ў той зямлі, у якую вы ідзяце, каб завалодаць ёю;
2 каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і ўсе пастановы Ягоныя і запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе, захоўваў ты і сыны твае і сыны сыноў тваіх праз усе дні жыцьця твайго, каб падоўжыліся дні твае.
3 Дык вось, слухай, Ізраіле, і старайся выканаць гэта, каб табе добра было, і каб вы вельмі памножыліся, як Гасподзь, Бог бацькоў тваіх, казаў табе, што Ён дасьць табе зямлю, дзе цячэ малако і мёд.
4 Слухай, Ізраіле: Гасподзь, Бог наш, Гасподзь адзіны ёсьць;
5 і любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю і ўсімі сіламі тваімі.
6 І хай будуць словы гэтыя, якія Я наказваю табе сёньня, у сэрцы тваім;
7 і перадавай іх дзецям тваім і кажы пра іх, седзячы ў доме тваім і йдучы дарогаю, і кладучыся і ўстаючы;
8 і завяжы іх у знак на руку тваю, і хай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі,
9 і напішы іх на вушаках дома твайго і на брамах тваіх.
10 А калі ўвядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у тую зямлю, якую Ён прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якаву, даць табе зь вялікімі й добрымі гарадамі, якіх ты не будаваў,
11 і з дамамі, напоўненымі ўсякім дабром, якіх ты не напаўняў, і з калодзежамі, вычасанымі з камянёў, якіх ты не часаў, зь вінаграднікамі й масьлінамі, якіх ты не садзіў, і будзеш есьці й наядацца,
12 тады пільнуйся, каб не забыў ты Госпада, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства.
13 Госпада, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай.
14 Ня йдзеце сьледам за іншымі багамі, багамі тых народаў, якія будуць вакол вас;
15 бо Гасподзь, Бог твой, Які сярод цябе, ёсьць Бог руплівец; каб не запаліўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе, і ня зьнішчыў Ён цябе з улоньня зямлі.
16 Не спакушайце Госпада, Бога вашага, як вы спакушалі Яго ў Масе.
17 Цьвёрда захоўвайце запаведзі Госпада, Бога вашага, і статуты Ягоныя і пастановы, якія Ён наказаў табе;
18 і рабі справядлівае і добрае перад вачыма Госпада, каб добра табе было, і каб ты ўвайшоў і авалодаў добраю зямлёю, якую Гасподзь з прысягаю абяцаў бацькам тваім,
19 і каб Ён прагнаў усіх ворагаў тваіх ад аблічча твайго, як казаў Гасподзь.
20 Калі спытаецца ў цябе сын твой у наступны час, кажучы: «што азначаюць гэтыя статуты, пастановы і законы, якія наказаў вам Гасподзь, Бог ваш?»,
21 дык скажы сыну твайму: «рабамі былі мы ў фараона ў Егіпце, але Гасподзь вывеў нас зь Егіпта рукою моцнаю,
22 і паказаў Гасподзь азнакі й цуды вялікія і кары Егіпту, фараонам і ўсяму дому ягонаму, перад вачыма нашымі,
23 а нас вывеў адтуль, каб увесьці нас і даць нам зямлю, якую Гасподзь запрысягнуў бацькам нашым;
24 і наказаў нам Гасподзь выконваць усе пастановы гэтыя, каб мы баяліся Госпада, Бога нашага, каб добра было нам ва ўсе дні, каб захаваць наша жыцьцё, як і цяпер;
25 і ў гэтым будзе наша праведнасьць, калі мы будзем намагацца выконваць усе гэтыя запаведзі прад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён наказаў нам».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другі закон, 6 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.