Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Другі закон 21 Другі закон 21 раздзел

1 Калі ў зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне, знойдзены будзе забіты, які ляжыць на полі, і невядома, хто забіў яго,
2 дык няхай выйдуць старэйшыны твае і судзьдзі твае і памераюць адлегласьць да гарадоў, якія вакол забітага;
3 і старэйшыны горада таго, які будзе найбліжэй да забітага, няхай возьмуць цялушку, на якой не працавалі, якая не насіла ярма,
4 і няхай старэйшыны таго горада завядуць гэтую цялушку ў дзікую даліну, якая ня ўроблена і не засеяна, і заколюць там цялушку ў даліне;
5 і прыйдуць сьвятары, сыны Лявііныя, — бо іх выбраў Гасподзь, Бог твой, служыць Яму, і дабраслаўляць імем Госпада, і паводле слова іхняга трэба рашыць усякую спрэчную справу і ўсякую прычыненую шкоду,
6 і ўсе старэйшыны горада таго, найбліжэйшыя да забітага, няхай абмыюць рукі свае над цялушкай, зарэзанай у даліне,
7 і абвесьцяць і скажуць: рукі нашыя не пралілі крыві гэтай, і вочы нашыя ня бачылі;
8 ачысьці народ Твой, Ізраіля, які Ты, Госпадзе, вызваліў, і не залічы народу Твайму, Ізраілю, нявіннай крыві. І яны ачысьцяцца ад крыві.
9 Так павінен ты змываць у сябе кроў невінаватага, калі хочаш рабіць добрае і справядлівае прад вачыма Госпада.
10 Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў тваіх, і Гасподзь, Бог твой, аддасьць іх у рукі твае, і возьмеш іх у палон,
11 і ўбачыш сярод палонных жанчыну, прыгожую з твару, і пакахаеш яе, і захочаш узяць яе сабе за жонку,
12 дык прывядзі яе ў дом свой, і няхай яна астрыжэ галаву сваю і абрэжа пазногці свае,
13 і здыме зь сябе палоньніцкую вопратку сваю, і жыве ў доме тваім, і аплаквае бацьку свайго і маці сваю цэлы месяц; і пасьля таго ты можаш увайсьці да яе і зрабіцца яе мужам, і яна будзе тваёю жонкаю;
14 калі ж яна пасьля не спадабаецца табе, дык ты адпусьці яе, куды яна захоча, але не прадавай яе за срэбра і ня ўводзь яе ў рабства, бо ты ўпакорыў яе.
15 Калі ў каго будуць дзьве жонкі — адна любая, а другая нялюбая, і як любая, так і нялюбая народзяць яму сыноў, і першынцам будзе сын нялюбай, —
16 дык, пры падзеле сынам сваім маёмасьці сваёй, ён ня можа сыну жонкі любай аддаць першынства перад першародным сынам нялюбай;
17 а першынцам павінен прызнаць сына нялюбай і даць яму двайную долю з усяго, што ў яго знойдзецца, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, яму належыць права першародства.
18 Калі ў каго будзе сын упарты і непакорлівы, які ня слухаецца голасу бацькі свайго і голасу маці сваёй, і яны каралі яго, але ён ня слухаецца іх, —
19 дык бацька ягоны і маці ягоная няхай возьмуць яго і прывядуць яго да старэйшынаў горада свайго і да варотаў свайго жытла
20 і скажуць старэйшынам горада свайго: «гэты сын наш упарты і непакорлівы, ня слухаецца слоў нашых, ласун і п’яніца»;
21 тады ўсе жыхары горада ягонага няхай паб’юць яго камянямі да сьмерці; і так вынішчы зло спасярод сябе, і ўсе Ізраільцяне пачуюць і збаяцца.
22 Калі ў кім знойдзецца злачынства, вартае сьмерці, і ён будзе ўсьмерчаны, і ты павесіш яго на дрэве,
23 дык цела ягонае не павінна начаваць на дрэве, а пахавай яго таго ж самага дня, бо пракляты прад Богам павешаны на дрэве, але не апаганьвай зямлі тваёй, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў дзялянку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другі закон, 21 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.