Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Другі закон 30 Другі закон 30 раздзел

1 Калі прыйдуць на цябе ўсе словы гэтыя — дабраславеньне і пракляцьце, якія выклаў я табе, і прымеш іх да сэрца свайго сярод усіх народаў, у якіх расьсее цябе Гасподзь, Бог твой,
2 і зьвернешся да Госпада, Бога твайго і паслухаешся голасу Ягонага, як я наказваю табе сёньня, ты і сыны твае ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, —
3 тады Гасподзь, Бог твой, верне палонных тваіх і ўмілажаліцца зь цябе, і зноў зьбярэ ад усіх народаў, сярод якіх расьсее цябе Гасподзь, Бог твой.
4 Хоць бы ты быў расьсеяны да краю неба, і адтуль зьбярэ цябе Гасподзь, Бог твой, і адтуль возьме цябе,
5 і прывядзе цябе Гасподзь, Бог твой, у зямлю, якою валодалі бацькі твае, і атрымаеш яе ў валоданьне, і ўдабрадзеіць табе і памножыць цябе больш за бацькоў тваіх;
6 і абрэжа Гасподзь, Бог твой, сэрца тваё і сэрца нашчадкаў тваіх, каб ты любіў Госпада, Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, каб жыць табе;
7 тады Гасподзь, Бог твой, аберне ўсе праклёны гэтыя на ворагаў тваіх і ненавісьнікаў тваіх, якія гналі цябе,
8 а ты абернешся і будзеш слухацца голасу Госпада і выконваць усе запаведзі Ягоныя, якія наказваю табе сёньня;
9 зь лішкам дасьць табе Гасподзь, Бог твой, посьпех ва ўсякіх дзеях рук тваіх, у плодзе ўлоньня твайго, у плодзе быдла твайго, у плодзе зямлі тваёй; бо зноў радавацца будзе Гасподзь за цябе, дабрадзеючы табе, як Ён радаваўся за бацькоў тваіх,
10 калі будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, шануючы запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя, запісаныя ў гэтай кнізе закона, і калі зьвернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю.
11 Бо запаведзь гэтая, якую я наказваю табе сёньня, не недаступная табе і не далёкая;
12 яна не на небе, каб можна было казаць: «хто ўзышоў бы дзеля нас на неба і прынёс бы яе нам і даў бы нам пачуць яе, і мы выканалі б яе?»
13 і не за морам яна, каб можна было казаць: «хто схадзіў бы дзеля нас за мора і прынёс бы яе нам і даў бы нам пачуць яе, і мы выканалі б яе?»
14 але даволі блізкае да цябе слова гэтае: яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб выконваць яго.
15 Вось, я сёньня прапанаваў табе жыцьцё і дабро, сьмерць і зло.
16 Я, наказваю табе сёньня — любіць Госпада, Бога твайго, хадзіць па шляхах Ягоных і выконваць запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя, дык жыцьмеш і будзеш множыцца, і дабраславіць цябе Гасподзь, Бог твой, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю;
17 а калі адвернецца сэрца тваё, і ня будзеш слухацца, і заблудзішся, і пачнеш пакланяцца іншым багам і будзеш слугаваць ім,
18 дык я завяшчаю вам сёньня, што вы загінеце і не прабудзеце доўга на зямлі, дзеля авалоданьня якою ты пераходзіш Ярдан.
19 У сьведкі перад вамі заклікаю сёньня неба і зямлю: жыцьцё і сьмерць прапанаваў я табе, дабраславеньне і пракляцьце. Выберы жыцьцё, каб жыў ты і нашчадкі твае,
20 любіў Госпада, Бога твайго, слухаўся голасу Ягонага і прыляпляўся да Яго; бо ў гэтым жыцьцё тваё і доўгасьць дзён тваіх, каб быць табе на зямлі, даць якую ім Гасподзь з прысягаю абяцаў бацькам тваім Абрагаму, Ісааку і Якаву.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другі закон, 30 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.