1 І сказала ёй Наэмінь, сьвякроў яе: дачка мая, ці не пашукаць табе прытулку, каб табе добра было?
2 вось, Ваоз, з служанкамі якога ты была, родзіч наш; вось, ён гэтае ночы вее ў гумне ячмень;
3 умыйся, памажся, надзень строі свае і пойдзеш у гумно, але не паказвайся яму, пакуль ня скончыць есьці і піць;
4 а калі ён ляжа спаць, даведайся пра месца, дзе ён ляжа; тады прыйдзеш і адкрыеш каля ног ягоных і ляжаш: ён скажа табе, што табе рабіць.
5 Рут сказала ёй: зраблю ўсё, што ты сказала мне.
6 І пайшла ў гумно і зрабіла ўсё так, як загадвала ёй сьвякроў яе.
7 Ваоз наеўся і напіўся, і разьвесяліў сэрца сваё, і пайшоў і лёг спаць пад сьціртаю. І яна прыйшла ціхенька, адкрыла каля ног ягоных і легла.
8 Апоўначы ён уздрыгнуў, прыўзьняўся, і вось, каля ног ягоных ляжыць жанчына.
9 І сказаў: хто ты? Яна сказала: Я Рут, рабыня твая, ахіні крылом тваім рабыню тваю, бо ты родзіч.
10 Ваоз сказаў: дабраславёная ты ад Госпада, дачка мая! гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ лепей за папярэдні, што ты не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых;
11 дык вось, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала; бо каля ўсіх брамаў народу майго ведаюць, што ты жанчына дабрадзейная;
12 хоць і праўда, што я родзіч, але ёсьць яшчэ родзіч бліжэйшы за мяне;
13 заначуй гэтую ноч; а заўтра, калі ён прыме цябе, дык добра, хай прыме; а калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыму; жывы Гасподзь! сьпі да раніцы.
14 І спала яна каля ног ягоных да раніцы, і ўстала раней, чым яны маглі пазнаць адно аднаго. І сказаў Ваоз: хай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла ў гумно.
15 І сказаў ёй: падай вопратку, якая на табе, патрымай яе. Яна трымала, і ён намерыў шэсьць мераў ячменю, і паклаў на яе, і пайшоў у горад.
16 А Рут прыйшла да сьвякрові сваёй. Тая сказала: што, дачка мая? Яна пераказала ёй усё, што зрабіў ёй чалавек той.
17 І сказала: гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў мне і сказаў мне: ня йдзі да сьвякрові сваёй з пустымі рукамі.
18 Тая сказала: пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым усё закончыцца; бо чалавек той не застанецца спакойны, не закончыўшы дзею сёньня.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Рут, 3 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.