Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

3 царстваў 3 3-я царстваў 3 раздзел

1 Саламон парадніўся з фараонам — царом Егіпецкім і ўзяў за сябе дачку фараона і ўвёў яе ў горад Давідаў, пакуль не пабудаваў дома свайго і дома Гасподняга і мура вакол Ерусаліма.
2 Народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, бо ня быў пабудаваны дом імю Госпада да таго часу.
3 І палюбіў Саламон Госпада, ходзячы паводле статута Давіда, бацькі свайго; але і ён прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях.
4 І пайшоў цар у Гаваон, каб прынесьці там ахвяру, бо там быў галоўны ахвярнік. Тысячу цэласпаленьняў прынёс Саламон на тым ахвярніку.
5 У Гаваоне зьявіўся Гасподзь Саламону ў сьне ўначы, і сказаў Бог: прасі, што даць табе.
6 І сказаў Саламон: Ты зрабіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, вялікую ласку; і за тое, што ён хадзіў прад Табою ў ісьціне і ў шчырай праўдзе і з шчырым сэрцам прад Табою, Ты захаваў яму гэтую вялікую ласку і дараваў яму сына, які сядзеў бы на троне ягоным, як гэта і ёсьць сёньня;
7 і сёньня, Госпадзе Божа мой, Ты паставіў раба Твайго царом замест Давіда, бацькі майго; але я — хлопец малы, ня ведаю ні майго выхаду, ні ўваходу;
8 і раб Твой — сярод народу Твайго, які выбраў Ты, народу такога шматлікага, што паводле мноства яго нельга ні палічыць, ні агледзець;
9 даруй жа рабу Твайму сэрца разумнае, каб судзіць народ Твой і разьбіраць, што дабро і што ліха; бо хто можа кіраваць гэтым шматлікім народам Тваім?
10 І заўгодна было Госпаду, каб Саламон прасіў гэтага.
11 І сказаў яму Бог: за тое, што ты прасіў гэтага і не прасіў сабе доўгага жыцьця, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў ворагаў тваіх, прасіў сабе розуму, каб умець судзіць, —
12 вось, Я зраблю паводле слова твайго: вось, Я даю табе сэрца мудрае і разумнае, так што падобнага да цябе ня было да цябе, і пасьля цябе не паўстане падобны да цябе;
13 і тое, чаго ты не прасіў, Я даю табе, і багацьце і славу, так што ня будзе падобнага да цябе сярод цароў ва ўсе дні твае;
14 і калі будзеш хадзіць шляхам Маім, захоўваючы статуты Мае і запаведзі Мае, як хадзіў бацька твой Давід, Я падоўжу і дні твае.
15 І прачнуўся Саламон, і вось, гэта быў сон. І пайшоў ён у Ерусалім і стаў перад каўчэгам запавету Гасподняга, і прынёс цэласпаленьні і ўчыніў ахвяры мірныя, і зладзіў вялікую гасьціну ўсім слугам сваім.
16 Тады прыйшлі дзьве жанчыны блудніцы да цара і сталі перад ім.
17 І сказала адна жанчына: о, гаспадару мой! я і гэтая жанчына жывём у адным доме; і я нарадзіла пры ёй у гэтым доме;
18 на трэці дзень пасьля таго, як я нарадзіла, нарадзіла і гэтая жанчына; і былі мы разам, і ў доме нікога староньняга з намі ня было; толькі мы дзьве былі ў доме;
19 і памёр сын у гэтай жанчыны ўначы, бо яна прыспала яго;
20 і ўстала яна ўначы, і ўзяла сына майго ад мяне, калі я, рабыня твая, спала, і паклала яго да сваіх грудзей, а свайго мёртвага сына паклала да маіх грудзей;
21 раніцай я ўстала, каб накарміць сына майго, і вось, ён быў мёртвы; а калі я ўгледзелася ў яго раніцай, дык гэта быў ня мой сын, якога я нарадзіла.
22 І сказала другая жанчына: не, мой сын жывы, а твой сын мёртвы. А тая казала ёй: не, твой сын мёртвы, а мой жывы. І гаварылі яны так перад царом.
23 І сказаў цар: гэтая кажа: мой сын жывы, а твой сын мёртвы; а тая кажа: не, твой сын мёртвы, а мой сын жывы.
24 І сказаў цар: падайце мне меч. І прынесьлі меч цару.
25 І сказаў цар: расьсячэце жывое дзіця напалам і аддайце палавіну адной і палавіну другой.
26 І адказвала тая жанчына, у якое сын быў жывы, цару, бо ўсхвалявалася ўся нутрына ў яе ад жаласьці да сына свайго: о, гаспадару мой! аддайце ёй гэтае дзіця жывое і не забівайце яго. А другая казала: хай жа ня будзе ні мне ні табе, сячэце.
27 І адказваў цар і сказаў: аддайце гэтай жывое дзіця і не забівайце яго: яна — ягоная маці.
28 І пачуў увесь Ізраіль пра суд, як рассудзіў цар. І пачалі баяцца цара, бо ўбачылі, што мудрасьць Божая ў ім, каб чыніць суд.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Трэйцяя кніга царстваў, 3 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.