Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

3 царстваў 4 3-я царстваў 4 раздзел

1 І быў цар Саламон царом над усім Ізраілем.
2 І вось начальнікі, якія былі ў яго: Азарыя, сын Садока сьвятара;
3 Эліхарэт і Ахія, сыны Сівы, пісцы; Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісальнік;
4 Ванэя, сын Ёдая, ваеначальнік; Садок і Авіятар — сьвятары;
5 Азарыя, сын Натана, начальнік над прыстаўнікамі, і Завут, сын Натана сьвятара — сябар цара;
6 Ахісар — начальнік над царскім домам, і Аданірам, сын Аўды, — над падаткамі.
7 І было ў Саламона дванаццаць прыстаўнікаў над усім Ізраілем, і яны дастаўлялі прадукты цару і дому ягонаму: кожны павінен быў дастаўляць прадукты на адзін месяц у годзе.
8 Вось імёны іх: Бэн-хур — на гары Яфрэмавай;
9 Бэн-Дэкер — у Макацы і ў Шаалбіме, у Бэтсамісе і ў Элоне і ў Бэт-Ханане;
10 Бэн-Хэсэд — у Арубоце; яму ж належаў Сако і ўся зямля Хэфэр;
11 Бэн-Авінадаў — над усім Нафат-Дорам; Тафат, дачка Саламона, была ягонаю жонкаю;
12 Ваана, сын Ахілуда, у Таанаху і Мэгідо і ва ўсім Бэт-Сане, што паблізу Цартана ніжэй Езрэеля, ад Бэт-Сана да Абэл-Мэхола, і нават за Ёкмэам;
13 Бэн-Гевэр — у Рамоце Галаадскім; у яго былі селішчы Яіра, сына Манасіінага, што ў Галаадзе; у яго таксама вобласьць Аргоў, што ў Басане, шэсьцьдзясят вялікіх гарадоў з мурамі і меднымі замкамі;
14 Ахінадаў, сын Гідо, у Маханаіме;
15 Ахімаас — у зямлі Нэфталімавай; ён узяў сабе за жонку Васэмату, дачку Саламона;
16 Ваана, сын Хушая, у зямлі Асіравай і ў Баалоце;
17 Ёсафат, сын Паруаха, у зямлі Ісахаравай;
18 Шымэй, сын Элы, у зямлі Веньямінавай;
19 Гевэр, сын Урыя, у зямлі Галаадскай, у зямлі Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага. Ён быў прыстаўнік у гэтай зямлі.
20 Юда і Ізраіль, шматлікія як пясок каля мора, елі, пілі і весяліліся.
21 Саламон валодаў усімі царствамі ад ракі Еўфрат да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта. Яны прыносілі дарункі і служылі Саламону ва ўсе дні жыцьця ягонага.
22 Прадукты Саламона на кожны дзень складалі: трыццаць кораў мукі пшанічнай і шэсьцьдзясят кораў іншай мукі,
23 дзесяць валоў укормленых і дваццаць валоў з пашы, і сто авечак, акрамя аленяў і сарнаў, і сайгакаў і ўкормленых птушак;
24 бо ён валадарыў над усёю зямлёю па гэты бок ракі, ад Тыпсаха да Газы, над усімі царамі па гэты бок ракі, і быў у яго мір з усімі навакольнымі краінамі.
25 І жылі Юда і Ізраіль спакойна, кожны пад вінаграднікам сваім і пад смакоўніцаю сваёю, ад Дана да Вірсавіі, ва ўсе дні Саламона.
26 І было ў Саламона сорак тысяч стойлаў пад коней калясьнічных і дванаццаць тысяч для коньніцы.
27 І тыя прыстаўнікі дастаўлялі цару Саламону ўсё належнае да стала цара, кожны ў свой месяц, і не дапускалі нястачы ні ў чым.
28 І ячмень і салому коням і мулам дастаўлялі кожны ў сваю чаргу на месца, дзе быў цар.
29 І даў Бог Саламону мудрасьць і вельмі вялікі розум — і шырокі розум, як пясок на беразе мора.
30 І была мудрасьць Саламонава вышэйшая за мудрасьць усіх сыноў усходу і за ўсю мудрасьць Егіпцянаў.
31 Ён быў мудрэйшы за ўсіх людзей, мудрэйшы і за Этана Эзрахіта і Эмана, і Халкола і за Дарду, сыноў Малхола, і імя ягонае было ў славе ва ўсіх навакольных народаў.
32 І прамовіў ён тры тысячы выслоўяў, і песьняў у яго было тысяча і пяць;
33 і гаварыў ён пра дрэвы, ад кедра, што ў Ліване, да ісопу, што вырастае са сьцяны; гаварыў і пра жывёл, і пра птушак, і пра паўзуноў, і пра рыбу.
34 І прыходзілі ад усіх народаў паслухаць мудрасьці Саламона, ад усіх цароў зямных, якія чулі пра мудрасьць ягоную.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Трэйцяя кніга царстваў, 4 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.