Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

1 летапісаў 18 1-я летапісаў 18 раздзел

1 Пасьля гэтага Давід пабіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Гэт і залежныя ад яго гарады з рук Філістымлянаў.
2 Ён пабіў таксама Маавіцянаў, — і зрабіліся Маавіцяне рабамі Давіда, прыносячы яму даніну.
3 І пабіў Давід Аднаазара, цара Суўскага, у Эмаце, калі той ішоў сьцьвердзіць сваю ўладу каля ракі Еўфрат.
4 І ўзяў Давід у яго тысячу калясьніц, сем тысяч вершнікаў і дваццаць тысяч пешых, і разбурыў Давід усе калясьніцы, пакінуўшы зь іх толькі сто.
5 Сірыйцы Дамаскія прыйшлі былі на дапамогу да Аднаазара, цара Суўскага, але Давід пабіў дваццаць дзьве тысячы Сірыйцаў.
6 І паставіў Давід ахоўнае войска ў Сірыі Дамаскай, і зрабіліся Сірыйцы рабамі Давіда, прыносячы яму даніну. І памагаў Гасподзь Давіду ўсюды, куды ён ні хадзіў.
7 І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім.
8 А з Тыўхаты і Куна, гарадоў Адраазаравых, узяў Давід вельмі многа медзі. Зь яе Саламон зрабіў меднае мора і слупы і медны посуд.
9 І пачуў Той, цар Імата, што Давід пабіў усё войска Адраазара, цара Суўскага.
10 І паслаў Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і пабіў яго, бо Той быў у вайне з Адраазарам, — і зь ім усякі посуд залаты, срэбны і медны.
11 І прысьвяціў іх цар Давід Госпаду разам з срэбрам і золатам, якое ён узяў ад усіх народаў: ад Ідумэянаў, Маавіцянаў, Аманіцянаў, Філістымлянаў і ад Амалікіцянаў.
12 І Авэса, сын Саруі, пабіў Ідумэянаў у даліне Яалянай васямнаццаць тысяч;
13 і паставіў у Ідумэі ахоўнае войска, і зрабіліся ўсе Ідумэяне рабамі Давіду. Гасподзь памагаў Давіду ўсюды, куды ён ні хадзіў.
14 І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў суд і праўду ўсяму народу свайму.
15 Ёаў, сын Саруі, быў начальнікам войска, Ёсафат, сын Ахілуда, дзеяпісцам.
16 Садок, сын Ахітува, і Авімэлэх, сын Авіятара, сьвятарамі, а Суса пісцом,
17 Ванэя, сын Ёдая, над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, а сыны Давідавыя — першымі пры цары.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга летапісаў, 18 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.