Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

1 летапісаў 28 1-я летапісаў 28 раздзел

1 І сабраў Давід у Ерусаліме ўсіх правадыроў Ізраільскіх, начальнікаў плямёнаў і начальнікаў аддзелаў, якія служылі цару, і тысячнікаў, і сотнікаў, і наглядчыкаў за маёмасьцю і статкамі цара і сыноў ягоных зь еўнухамі, ваеначальнікаў і ўсіх адважных мужоў.
2 І стаў Давід цар на ногі свае і сказаў: паслухайце мяне, браты мае і народ мой! было ў мяне на сэрцы пабудаваць дом спакою для каўчэга запавета Гасподняга і ў падножжа нагам Бога нашага, і патрэбнае для будаўніцтва я падрыхтаваў.
3 Але Бог сказаў мне: ня будуй дома імю Майму, бо ты чалавек ваяўнічы і праліваў кроў.
4 Аднак жа выбраў Гасподзь Бог Ізраілеў мяне з усяго дома майго, каб быць мне царом над Ізраілем вечна, бо Юду выбраў Ён князем, а ў доме Юды дом бацькі майго, а з сыноў бацькі майго мяне ўдабраволіў паставіць царом над усім Ізраілем,
5 з усіх жа сыноў маіх, — бо многа сыноў даў мне Гасподзь, — Ён выбраў Саламона, сына майго, сядзець на троне царства Гасподняга над Ізраілем,
6 і сказаў мне: Саламон, сын твой, пабудуе дом Мой і двары Мае, бо Я выбраў яго Сабе ў сыны, і Я буду яму бацькам,
7 і сьцьверджу царства яго навечна, калі ён будзе цьвёрды ў выкананьні запаведзяў Маіх і пастановаў Маіх, як да сёньня.
8 І цяпер перад вачыма ўсяго Ізраіля, сходу Гасподняга і ў вушы Бога нашага кажу: захоўвайце і трымайцеся ўсіх запаведзяў Госпада Бога вашага, каб валодаць вам гэтаю добраю зямлёю, і пакінуць яе пасьля сябе ў спадчыну дзецям сваім навек.
9 І ты, Саламоне, сыне мой, ведай Бога бацькі твайго і служы Яму ад усяго сэрца і ад усёй душы, бо Гасподзь выпрабоўвае ўсе сэрцы і ведае ўсе рухі думак. Калі будзеш ісьціць Яго, дык знойдзеш Яго, а калі пакінеш Яго, Ён пакіне цябе назаўсёды.
10 Глядзі ж, калі Гасподзь выбраў цябе пабудаваць дом для сьвятыні, будзь цьвёрды і рабі.
11 І аддаў Давід Саламону, сыну свайму, чарцёж бабінца і дамоў яго, і кладовак яго, і межаў яго, і ўнутраных пакояў яго, і дома для каўчэга,
12 і чарцёж усяго, што было ў яго на душы двароў дома Гасподняга і ўсіх пакояў вакол, скарбніц дома Божага і скарбніц рэчаў прысьвечаных,
13 і сьвятарскіх і лявіцкіх аддзяленьняў, і ўсякай службовай дзейнасьці ў доме Гасподнім, і ўсяго службовага посуду дома Гасподняга,
14 залатых рэчаў, з пазнакаю вагі, для ўсякай службовай пасудзіны, усіх рэчаў срэбраных, з пазнакаю вагі, для ўсякай пасудзіны службовай.
15 І даў золата на сьвяцільні і залатыя лампады, з пазнакаю вагі кожнай сьвяцільні і лампады яго, таксама сьвяцільняў срэбраных, з пазнакаю вагі кожнай сьвяцільні і лампады яго, гледзячы па службовым прызначэньні кожнай сьвяцільні;
16 і золата для сталоў пакладных хлябоў, для кожнага залатога стала, і срэбра для сталоў срэбраных,
17 і відэльцаў, і чараў і крапільніц з чыстага золата, і залатых місак, з пазнакаю вагі кожнай місы, і срэбраных міс, з пазнакаю вагі кожнай місы,
18 і для ахвярніка дымленьня зь літага золата з пазнакаю вагі, і зладжваньня калясніцы з залатымі херувімамі, якія прасьціраюць крылы і пакрываюць каўчэг запавета Гасподняга.
19 Усё гэта ў пісаньні ад Госпада, казаў Давід, як Ён навёў мяне на розум на ўсе пабудовы.
20 І сказаў Давід сыну свайму Саламону: будзь цьвёрды і мужны, і прыступай да справы, ня бойся і не жахайся, бо Гасподзь Бог, Бог мой, з табою; Ён не адступіць ад цябе і не пакіне цябе, пакуль ня ўчыніш усёй дзеі, якая патрабуецца для дома Гасподняга.
21 І вось аддзелы сьвятароў і лявітаў, дзеля ўсялякай службы пры доме Божым. І ў цябе ёсьць дзеля ўсякай дзеі руплівыя людзі, майстры на ўсякую працу, і начальнікі і ўвесь народ гатовы да ўсіх тваіх загадаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга летапісаў, 28 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.