Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Эздры 4 Эздры 4 раздзел

1 І пачулі ворагі Юды і Веньяміна, што вяртанцы з палону будуюць храм Госпаду Богу Ізраілеваму;
2 і прыйшлі яны да Зарававэля і да ўзначальнікаў пакаленьняў і сказалі ім: будзем і мы будаваць з вамі, бо мы, як і вы, прыходзім да Бога вашага, і Яму прыносім ахвяры ад дзён Асардана, цара Сірыйскага, які перавёў нас сюды.
3 І сказаў ім Зарававэль і Ісус і астатнія ўзначальнікі пакаленьняў Ізраільскіх: не будаваць вам разам з намі дом нашаму Богу; мы адны будзем будаваць дом Госпаду Богу Ізраілеваму, як загадаў нам цар Кір, цар Персідскі.
4 І пачаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве;
5 і падкупалі супроць іх радцаў, каб разбурыць пачынаньне іхняе, ва ўсе дні Кіра, цара Персідскага, і да цараваньня Дарыя, цара Персідскага.
6 А ў цараваньне Ахашвероша, на пачатку цараваньня яго, напісалі абвінавачаньне на жыхароў Юдэі і Ерусаліма.
7 І ў дні Артаксэркса пісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээл і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, цара Персідскага. А пісьмо было напісана літарамі Сірыйскімі і на Сірыйскай мове.
8 Рэхум радца і Шымшай пісец пісалі адно пісьмо супроць Ерусаліма да цара Артаксэркса такое:
9 Тады ж. Рэхум радца і Шымшай пісец і астатнія таварышы іхнія, — Дынэі і Афарсатхэі, Тарпэлэі, Апарсы, Арэхэяне, Вавілоняне, Сусанцы, Дагі, Эламіцяне
10 і іншыя народы, якіх перасяліў Аснафар вялікі і славуты і пасяліў у гарадах Самарыйскіх і ў іншых гарадах за ракою, і астатняе.
11 І вось сьпіс зь пісьма, якое паслалі яму, цару Артаксэрксу — рабы твае, людзі за ракою, і іншае.
12 Хай будзе вядома цару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, будуюць гэты мяцежны і нягодны горад і сьцены робяць, і падмуркі іх ужо паладзілі.
13 Хай жа будзе вядома цару, што калі і гэты горад будзе пабудаваны і сьцены адноўлены, дык ні падатку, ні мыты ня будуць даваць, і царскай скарбніцы будзе зроблена шкода.
14 Як што мы ямо соль ад палаца царскага, і шкоды цару ня можам бачыць, таму мы пасылаем данясеньне цару:
15 хай пашукаюць у памятнай кнізе бацькоў тваіх, — і знойдзеш у кнізе памятнай, і даведаешся, што горад гэты — горад мяцежны і шкодны царам і абласьцям, і што адпады бывалі ў ім здавён, за што горад гэты і спустошаны.
16 Таму мы паведамляем цару, што калі горад гэты будзе дабудаваны і сьцены яго дароблены, дык пасьля гэтага ня будзе ў цябе валоданьня за ракою.
17 Цар паслаў адказ Рэхуму радцу і Шымшаю пісцу і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і іншых гарадах зарэчных: Мір і іншае.
18 Пісьмо, якое вы прыслалі нам, выразна прачытана перад мною;
19 і ад мяне дадзены загад, — і шукалі, і знайшлі, што горад гэты здаўна паўставаў супроць цароў, і ўчыняліся ў ім мецяжы і хваляваньні,
20 і што былі ў Ерусаліме цары магутныя, якія валодалі ўсім зарэччам, і ім давалі падаткі, налогі і мыту.
21 Дык вось, дайце загад, каб людзі гэтыя перасталі працаваць, і горад гэты не будаваўся, пакуль ад мяне ня будзе дадзены загад.
22 І будзьце асьцярожныя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта дазваляць памнажэньне шкоднага супраць цароў?
23 Як толькі гэта пісьмо цара Артаксэркса было прачытана перад Рэхумам і Шымшаем пісцом і таварышамі іхнімі, яны адразу пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў, і моцнай узброенай рукою спынілі працу іхнюю.
24 Тады спынілася праца пры доме Божым у Ерусаліме, і спыненьне гэта працягвалася да другога года цараваньня Дарыя, цара Персідскага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Эздры, 4 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.