1 Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная!
2 Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага
3 і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора.
4 Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада;
5 цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх.
6 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх,
7 і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада.
8 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых:
9 бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром.
10 Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам;
11 бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі.
12 Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка.
13 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх,
14 вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы.
15 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых:
16 бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў.
17 Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае;
18 усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці.
19 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе;
20 паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх.
21 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
22 Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю!
23 Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, —
24 бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані:
25 Ён маўляе, — і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго:
26 узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах;
27 яны кружацца і хістаюцца, нібы п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае.
28 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх.
29 Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца.
30 І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані.
31 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
32 Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў!
33 Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады — у сушу,
34 зямлю пладавітую — у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй.
35 Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую — у крыніцу вады;
36 і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім;
37 засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады.
38 Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее.
39 Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі;
40 Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма.
41 А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак.
42 Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае.
43 Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Псалтыр, Псальм 106. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Псалтыр, Псальм 106 в переводах:
Псалтыр, Псальм 106, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Толкования Августина
  6. Комментарии Скоуфилда
  7. Комментарии Сперджена


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.