1 Вучэньне Этана Эзрахіта.
2 Пра ласкі Твае, Госпадзе, буду сьпяваць вечна, з роду ў род абвяшчаць праўду Тваю вуснамі маімі,
3 бо кажу: будзе навек пакладзена ласка, на нябёсах уцьвердзіў Ты праўду Тваю, калі сказаў:
4 «Я склаў запавет з выбранцам Маім, прысягаўся Давіду, рабу Майму:
5 навечна ўгрунтую семя тваё, і твой род уладжу навечна».
6 І праславяць нябёсы дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, і праўду Тваю ў саборы сьвятых,
7 бо хто на нябёсах дараўнаецца з Богам? хто паміж сынамі Божымі спадобніцца Госпаду?
8 Грозны Бог у вялікім гурце сьвятых, грозны Ён усім, хто Яго атачае.
9 Госпадзе, Божа сіл! хто моцны, як Ты, Госпадзе? І праўда Твая навокал Цябе.
10 Ты валадарыш над лютасьцю мора; калі ўздымаюцца хвалі яго, Ты іх таймуеш.
11 Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх.
12 Твае — нябёсы і Твая — зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў.
13 Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца.
14 Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая!
15 Правасудзьдзе й істасьць — аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць.
16 Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе;
17 а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца,
18 бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш.
19 Ад Госпада — шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілевага цар наш.
20 Калісьці казаў Ты ва ўяве сьвятому Твайму і сказаў: «Я дапамог мужнаму, узьнёс абранца з народу.
21 Я здабыў Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.
22 Рука Мая будзе зь ім, і мышца Мая ўмацуе яго.
23 Вораг не пераможа яго, і сын беззаконьня ня ўцісьне яго.
24 Скрышу перад ім ворагаў ягоных, і паб’ю ненавісьнікаў ягоных,
25 і праўда Мая і ласка Мая зь ім, і Маім імем узвысіцца рог ягоны,
26 і пакладу на мора руку ягоную, і на рэкі — правіцу ягоную
27 Ён будзе клікаць мяне: Ты Бацька мой, Бог мой і цьвярдыня ратунку майго.
28 І Я зраблю яго першынцам, вышэйшым за цароў зямных,
29 навек захаваю яму ласку Маю, і запавет Мой зь ім будзе правільны.
30 І прадоўжу навечна семя ягонае, і ягоны трон — як дні неба.
31 Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх;
32 калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць:
33 наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі — няпраўду іхнюю;
34 а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню ісьціны Маёй.
35 Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх,
36 Аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду?
37 Семя ягонае будзе вечна, і трон ягоны, як сонца, прада Мною;
38 вечна будзе цьвёрды, як месяц, і сьведка праўдзівы на нябёсах».
39 Але Ты адкінуў і пагардзіў, угневаўся на памазанца Твайго;
40 занядбаў запавет з рабом Тваім, кінуў на зямлю вянок ягоны;
41 разбурыў усе агароджы ягоныя, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя.
42 Рабуюць яго ўсе, хто праходзіць дарогаю; пасьмешышчам стаўся ён суседзям сваім.
43 Ты ўзвысіў правіцу супраціўцаў ягоных, парадаваў усіх ворагаў ягоных.
44 Ты павярнуў назад лязо меча ягонага, і не ўмацаваў яго ў бітве;
45 адабраў у яго бляск, і трон ягоны скінуў долу;
46 скараціў дні маладосьці ягонай, і пакрыў яго сорамам».
47 Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца няспынна, будзе палаць лютасьць Твая, як вагонь?
48 Прыгадай, які век мой: на якую марноту стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?
49 Хто зь людзей жыў — і ня бачыў сьмерці, выбавіў душу сваю ад рукі апраметнай?
50 Дзе ранейшыя міласьці Твае, Госпадзе? Ты прысягаў Давіду ісьцінай Тваёю.
51 Прыгадай, Госпадзе, паганьбеньне рабоў Тваіх, якое нашу я ў нетрах маіх ад усіх моцных народаў,
52 як бэсьцяць ворагі Твае, Госпадзе, як няславяць сьляды памазанца Твайго.
53 Дабраславёны Гасподзь навечна! Амін, амін!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Псалтыр, Псальм 88. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Псалтыр, Псальм 88 в переводах:
Псалтыр, Псальм 88, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Толкования Августина
  6. Комментарии Скоуфилда
  7. Комментарии Сперджена


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.