Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Выслоўяў Саламонавых 11 Выслоўяў Саламонавых 11 раздзел

1 Няправільныя вагі — агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму.
2 Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі — мудрасьць.
3 Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх.
4 Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці.
5 Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй.
6 Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім.
7 Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае.
8 Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны.
9 Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца.
10 З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны — сьпявае.
11 Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
12 Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.
13 Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае.
14 Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах — дабрадзенствуе.
15 Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы.
16 Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця.
17 Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю.
18 Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду — узнагарода пэўная.
19 Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.
20 Агіда Госпаду — падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць.
21 Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.
22 Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і — неразумная.
23 Жаданьне праведных — толькі дабро, надзея бязбожных — гнеў.
24 Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее.
25 Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе.
26 Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае.
27 Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.
28 Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць.
29 Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму.
30 Плод праведніка — дрэва жыцьця, а мудры яднае душы.
31 Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга выслоўяў Саламонавых, 11 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.