Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Выслоўяў Саламонавых 24 Выслоўяў Саламонавых 24 раздзел

1 Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі:
2 бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія.
3 Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца,
4 і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю.
5 Чалавек мудры — дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю.
6 Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў.
7 Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх.
8 Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам.
9 Намысел неразумнага — грэх, і блюзьнер — мярзота людзям.
10 Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая.
11 Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой?
12 Ці скажаш: «вось, мы ня ведалі гэтага?» А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.
13 Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму:
14 такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная.
15 Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага.
16 Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі.
17 Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца.
18 Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў.
19 Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам:
20 бо ліхі ня мае будучыні — сьветач бязбожных патухне.
21 Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай,
22 бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае?
23 Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе — нядобра.
24 Хто кажа вінаватаму: «твая праўда», таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны;
25 а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне.
26 У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі.
27 Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой.
28 Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі?
29 Не кажы: «як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных».
30 Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага.
31 І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся.
32 І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку:
33 «крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш;
34 і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая — як чалавек узброены».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга выслоўяў Саламонавых, 24 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.