Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Выслоўяў Саламонавых 27 Выслоўяў Саламонавых 27 раздзел

1 Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што той дзень народзіць.
2 Хай цябе хваліць іншы, а ня вусны твае, — чужы, а не язык твой.
3 Цяжкі камень, важкі і пясок; але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
4 Жорсткі гнеў, неўтаймавальная лютасьць; але хто ўстоіць супроць зайздрасьці?
5 Лепей адкрыты дакор, чым прыхаваная любоў.
6 Шчырыя дакоры ад таго, хто любіць, і ілжывыя пацалункі ў таго, хто ненавідзіць.
7 Сытая душа топча і соты, а галоднай душы ўсё горкае — салодкае.
8 Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так і чалавек, які пакінуў месца сваё.
9 Масьць і дымленьне радуюць сэрца; так салодкі кожнаму сябар з сардэчнай ранай сваёй.
10 Не пакідай сябра твайго і сябра бацькі твайго, і ў дом брата твайго ня ідзі ў дзень няшчасьця твайго: лепей сусед блізка, чым брат далёка.
11 Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё; і я мецьму што адказаць ліхаслоўцу майму.
12 Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад і прымаюць кару.
13 Вазьмі ў яго адзежу ягоную, бо ён паручыўся за чужога; і за чужога вазьмі ў яго заклад.
14 Хто ўголас хваліць сябра свайго з самай раніцы, таго палічаць за ліхаслоўца.
15 Бясконцы капеж у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — роўныя;
16 хто хоча схаваць яе, той хоча ўтрымаць вецер і схапіць алей у руку сваю.
17 Жалеза жалеза вострыць, і чалавек навастрае позірк сябра свайго.
18 Хто даглядае смакоўніцу, той будзе есьці плады зь яе; і хто верна служыць гаспадару свайму, той будзе ў пашане.
19 Як у вадзе твар — да твару, так сэрца чалавека — да чалавека.
20 Апраметная і Авадон — ненасытныя; ненасытныя і вочы чалавечыя.
21 Што плавільня — срэбру, горан — золату, тое чалавеку вусны, якія хваляць яго.
22 Таўчы неразумнага ў ступе таўкачом разам зь зернем, не адлушчыцца ад яго глупства ягонае.
23 Добра сачы за быдлам тваім, май клопат за статкі;
24 бо багацьце не навекі, ды і ўлада іхняя хіба з роду ў род?
25 Рунее трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць горныя травы.
26 Авечкі — на вопратку табе, і казлы — на закуп поля.
27 І годзе казінага малака на ежу табе, на ежу хатнім тваім і на спажытак служанкам тваім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга выслоўяў Саламонавых, 27 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.