Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Эклезіяста 9 Эклезіяста 9 раздзел

1 Усё гэта ў сэрца я ўзяў, каб дазнацца, што праведнікі і грэшнікі і іх учынкі — у Божай руцэ і што чалавек ні любові ні злосьці ня знае ва ўсім, што перад ім.
2 Усяму і ўсім — адно: адна доля праведніку і бязбожнаму, добраму і ліхому, чыстаму і нячыстаму, таму, хто прыносіць ахвяры, і таму, хто ахвяр ня прыносіць; як дабрачыннаму, так і грэшнаму; як таму, хто прысягаецца, так і таму, хто цураецца клятвы.
3 Вось гэта ёсьць ліха ва ўсім, што пад сонцам робіцца, што адна доля ўсім, і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом, і неразумнасьць у сэрцы ў іх, у жыцьці іхнім; а потым яны адыходзяць да мёртвых.
4 Хто сярод жывых, той мае яшчэ надзею, бо і сабаку жывому лепей, чым мёртваму льву.
5 Жывыя ведаюць, што памруць, а мёртвыя нічога ня ведаюць, і ўжо ім аддзякі няма, бо і памяць пра іх адышла ў забыцьцё,
6 і любоў іхняя, і нянавісьць іхняя, і зайздрасьць іхняя ўжо зьніклі, і няма болей учты ім вавекі ні ў чым, што пад сонцам робіцца.
7 Дык вось, ідзі, з радасьцю еж твой хлеб, у радасьці сэрца пі віно тваё, калі будзе на справы твае добрая Божая воля.
8 Хай сьветлай будзе ва ўсякую пору адзежа твая і хай не абсохне алей на тваёй галаве.
9 Радуйся жыцьцю з жонкай тваёю, якую кахаеш, ва ўсе часіны жыцьця твайго марнага, якое даў табе Бог пад сонцам на ўсе дні твайго марнага веку; бо гэта — доля твая ў жыцьці і ў працы тваёй, якую ты робіш пад сонцам.
10 Усё, што можа зрабіць твая рука, па сіле рабі; бо ў магіле, у якую ты ляжаш, няма ні працы, ні разважаньня, ні ведаў, ні мудрасьці.
11 І зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным — перамога, ня мудрым — хлеб, і не ў разумных — багацьце, і ня ўмельцам — прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны.
12 Бо чалавек сваёй пары ня знае. Як рыбы ловяцца ў згубную сетку, як птушкі ў сілах заблытваюцца, так сыны чалавечыя за ліхі час хапаюцца, калі ён раптоўна находзіць на іх.
13 Яшчэ вось якую мудрасьць пад сонцам я ўгледзеў, і яна мне здалася важнаю:
14 горад невялікі, і людзей у ім небагата; падступіўся да яго вялікі цар, і атачыў яго шчыльна, і падрыхтаваў супроць яго аблогу;
15 але знайшоўся ў ім мудры бядняк, і ён выратаваў мудрасьцю горад; але ж потым ніхто не згадаў таго бедака.
16 І сказаў я: мудрасьць лепшая за сілу, але мудрасьць бедняка заняхайваецца, і словаў ягоных ня слухаюць.
17 Словы мудрых, спакойныя, выслухоўваюцца лепей, чым крык валадара сярод дурняў.
18 Мудрасьць лепшая за вайсковую зброю; але адзін грэшнік загубіць многа дабра.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка, 9 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.