Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Найвышэйшая песьня 8 Найвышэйшая песьня 8 раздзел

1 О, няхай бы ты быў мне братам, маёй мацеркай узгадаваным, — сустракала б цябе за парогам і адкрыта цябе цалавала б, і ніхто мне асуды ня даў бы.
2 Прывяла б я цябе з сабою ў дом мацеркі роднай маёй. Ты вучыў бы мяне, я ж паіла б цябе духмяным віном і сокам з маіх гранатаў!
3 Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
4 Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: ня будзеце, ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама.
5 Хто там ідзе з пустэльні, абапершыся на каханага? Пад яблыняй я разбудзіў цябе: там цябе нарадзіла маці, там нарадзіла родная.
6 Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць — моцнае; рэўнасьць, як пекла — лютая; стрэлы яго — стрэлы вогненныя; яно — полымя непагаснае.
7 Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за любоў, іх адхілілі б з пагардай.
8 Ёсьць у нас сястрыца, малая сястрыца, яшчэ яна грудак ня мае; што рабіць нам зь сястрыцаю нашай, калі прыйдуць сваты да яе?
9 А калі б яна была сьцяною, мы яе ўмацавалі б срэбнымі зубцамі, калі б яна была дзьвярыма — мы іх ашалявалі б кедровымі дошкамі.
10 Я — сьцяна, і грудзі мае — як вежы; таму ён ува мне знойдзе апору.
11 Вінаграднік быў у Саламона ў Ваал-Хамоне: варце даверыў ён вінаграднік; кожны плаціў за плады тысячу срэбрам.
12 А мой вінаграднік пры мне. Хай тысяча будзе табе, Саламоне, а дзьвесьце — яго вартавым.
13 О жыхарка садоў! Сябры чуюць твой голас! Дай і мне паслухаць яго.
14 Бяжы, мой каханы; будзь да сарны падобны, да маладога аленя ў бальзамных горах!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Найвышэйшая песьня Саламонава, 8 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.