Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ісаі 24 Ісаі 24 раздзел

1 Вось, Гасподзь спусташае зямлю і робіць яе няплоднай; мяняе паверхню яе і расьсейвае тых, што жывуць на ёй.
2 І што будзе народу, тое і сьвятарам; што слузе, тое і гаспадару ягонаму; што служанцы, тое і гаспадыні яе; што пакупцу, тое і прадаўцу, што пазыкоўцу, тое і пазычальніку, што ліхвяру, тое і ліхвадаўцу.
3 Зямля спустошана ўшчэнт і зусім зрабаваная, бо Гасподзь вымавіў слова гэтае.
4 Бядуе заняпалая зямля; паніклы, заняпалы сусьвет; паніклі ўсе землі, што ўзвышаліся над народам.
5 І зямля апаганена пад тымі, што жывуць на ёй, бо яны пераступілі законы, зьмянілі статут, парушылі вечны запавет.
6 Затое праклён паядае зямлю, і нясуць кару тыя, што жывуць на ёй; затое спалены насельнікі зямлі, і няшмат засталося людзей.
7 Плача сок гронкі; баліць вінаграднай лазе; уздыхаюць усе, хто весяліўся сэрцам.
8 Спынілася весялосьць з тымпанамі; змоўк шум вясёлых; сьціхлі гукі арфы;
9 ужо ня п’юць віна зь песьнямі; згарчэла сікера піткам яе.
10 Разбураны апусьцелы горад, усе дамы замкнутыя, нельга ўвайсьці.
11 Плачуць па віне на вуліцах; запамрочылася ўсялякая радасьць; выгнана ўсялякая весялосьць зямлі.
12 У горадзе засталося запусьценьне, і брамы разваліліся.
13 А пасярод зямлі, паміж народамі, будзе тое самае, што бывае пры абіваньні масьлін, пры абіраньні вінаграду, калі закончаны збор.
14 Яны ўзвысяць свой голас, перамогуць у велічы Госпада, гучна клікацьмуць мора.
15 Дык вось, слаўце Госпада на ўсходзе, на выспах марскіх — імя Госпада Бога Ізраілевага.
16 Ад краю зямлі мы чуем песьню: «Слава Праведнаму!» І сказаў я: бяда мне, бяда мне! жаль мне! ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна.
17 Жудасьць і яма і пятля табе, жыхар зямлі!
18 Тады той, хто пабег ад крыку жудасьці, упадзе ў яму; і хто выйдзе зь ямы, трапіць у пятлю; бо вокны зь нябеснай вышыні адчыняцца, і асновы зямлі здрыгануцца.
19 Зямля руйнуецца, зямля распадаецца, зямля моцна патрэсена;
20 хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, і беззаконьне яе цяжарам на ёй; яна ўпадзе — і ўжо ня ўстане.
21 І станецца таго дня: наведае Гасподзь войска вышняе ў высях і цароў зямных на зямлі.
22 І будуць сабраныя разам, як вязьні, у яму і будуць увязьнены ў цямніцы, і праз многа дзён будуць пакараныя.
23 І счырванее месяц, і пасаромеецца сонца, калі Гасподзь Саваоф зацаруе на гары Сіёне і ў Ерусаліме, і перад старэйшынамі яго ўславіцца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ісаі, 24 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.