Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 4 Ераміі 4 раздзел

1 І калі хочаш навярнуцца, Ізраіле, кажа Гасподзь, да Мяне навярніся; а калі адвядзеш гідоты твае ад аблічча Майго, ты ня будзеш бадзяцца.
2 І будзеш бажыцца: жывы Гасподзь! у ісьціне, судзе і праўдзе; і народы будуць Ім дабраслаўляцца і Ім хваліцца.
3 Бо так кажа Гасподзь мужам Юды і Ерусаліма: узарэце сабе новыя палеткі і ня сейце сярод церня.
4 Абрэжце сябе дзеля Госпада, і здымеце крайнюю плоць з сэрца вашага, мужы Юды і жыхары Ерусаліма, каб гнеў Мой не адкрыўся, як агонь, і не запалаў непагасна ад ліхіх нахільнасьцяў вашых.
5 Абвясьцеце ў Юдэі і агаласеце ў Ерусаліме, і гаварэце і трубеце трубою па зямлі; заклікайце голасна і кажэце: «зьбярэцеся і пойдзем ва ўмацаваныя гарады».
6 Выставіце сьцяг да Сіёна, — бяжэце, ня спыняйцеся; бо Я прывяду з поўначы бедства і вялікую пагібель.
7 Выходзіць леў са сваёй нетры, і выступае зьнішчальнік народаў: ён выходзіць са свайго месца, каб зямлю тваю зрабіць пусткаю; гарады твае будуць спустошаны, застануцца без жыхароў.
8 Таму аперажэцеся вярэтаю, плачце і галасеце, бо лютасьць гневу Гасподняга не адвернецца ад нас.
9 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, замрэ сэрца ў цара і сэрца ў князёў; і жахнуцца сьвятары, і дзіву дадуцца прарокі.
10 І сказаў я: о, Госпадзе Божа! няўжо Ты зводзіў толькі народ гэты і Ерусалім, кажучы «мір будзе ў вас»; а тым часам меч даходзіць да душы?
11 У той час сказана будзе народу гэтаму і Ерусаліму: пякучы вецер ляціць з вышыняў пустэльных на дарогу дачкі народа Майго, ня дзеля веяньня і ня дзеля ачышчэньня:
12 і прыйдзе да Мяне адтуль вецер мацнейшы за гэты, і Я агалашу прысуд над імі.
13 Вось, падымаецца ён, быццам воблакі, і калясьніцы яго — як віхура, коні ганчэйшыя за арлоў; гора нам! бо мы будзем спустошаны.
14 Змый ліхое з сэрца твайго, Ерусаліме, каб выратавацца табе: дакуль будуць гнездавацца ў табе ліхамысныя думкі?
15 Бо ўжо ляціць голас ад Дана і пагібельная вестка з гары Яфрэмавай:
16 агаласеце народам, абвясьцеце Ерусаліму, што ідуць з далёкай краіны абложнікі і крыкамі сваімі агалашаюць гарады Юдэі.
17 Як вартавыя палёў, яны абступаюць яго навокал, бо ён узбунтаваўся супроць Мяне, кажа Гасподзь.
18 Шляхі твае і дзеі твае прычынілі табе гэта; ад тваёй бязбожнасьці табе так горка, што даходзіць да сэрца твайго.
19 Нутроба мая! нутроба мая! смуткую ў глыбіні сэрца майго, хвалюецца ўва мне сэрца маё, не магу маўчаць; бо ты чуеш, душа мая, гук трубы, трывогу бітвы.
20 Бяда за бядою: уся зямля спусташаецца, зьнянацку разбураны намёты мае, імгненна — палаткі мае.
21 Ці доўга мне бачыць сьцяг, слухаць гук трубы?
22 Гэта таму, што народ Мой дурны — ня ведае Мяне: неразумныя яны дзеці, і няма ў іх глузду; яны разумныя на благое, а дабра рабіць ня ўмеюць.
23 Гляджу на зямлю — і вось, яна разбураная і пустая, — на нябёсы — і няма на іх сьвятла.
24 Гляджу на горы — і вось, яны дрыжаць, і ўсе пагоркі хістаюцца.
25 Гляджу — і вось, няма чалавека, і ўсе птушкі нябесныя разьляцеліся.
26 Гляджу — і вось, Карміл — пустыня, а ўсе гарады ягоныя разбураныя ад аблічча Гасподняга, ад лютасьці гневу Яго.
27 Бо так сказаў Гасподзь: уся зямля будзе спустошана, але поўнага зьнішчэньня не дапушчу.
28 Заплача па гэтым зямля, і нябёсы запамрочацца ўгары, бо Я сказаў, Я вызначыў, і не раскаюся ў тым і не адступлюся ад таго.
29 Ад шуму верхаўцоў і стралкоў разьбягуцца ўсе гарады: яны пойдуць у густыя лясы і залезуць на скалы; усе гарады будуць пакінуты, і ня будзе ў іх ніводнага жыхара.
30 А ты, спустошаная, што пачнеш рабіць? Хоць ты апранаешся ў пурпуру, хоць ты ахарошваеш сябе залатымі ўборамі, абмалёўваеш вочы твае фарбамі, але дарэмна ахарошваеш сябе; пагрэбавалі табою палюбоўнікі — яны шукаюць душы тваёй.
31 Бо Я чую голас як бы жанчыны-парадзіхі, стогн як бы тае, што нараджае першы раз, голас дачкі Сіёна; яна стогне, працягваючы рукі свае: «о, гора мне! душа мая зьнемагае перад забойцамі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 4 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.