Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 5 Ераміі 5 раздзел

1 Пахадзеце па вуліцах Ерусаліма, і паглядзеце і разьведайце і пашукайце на плошчах ягоных, ці ня знойдзеце чалавека, ці няма таго, хто трымаецца праўды, шукае ісьціны! — Я зьлітаваўся б зь Ерусаліма.
2 Хоць і кажуць яны: жывы Гасподзь! але божацца ілжыва.
3 О, Госпадзе! ці не да ісьціны зьвернуты вочы Твае? Ты б’еш іх, а яны не адчуваюць болю; Ты пабіваеш іх, а яны ня хочуць прыняць настаўленьня на розум: твары свае зрабілі яны мацнейшымі за камень — навярнуцца ня хочуць.
4 І сказаў я сам сабе: гэта, можа быць, беднякі; яны дурныя, бо ня ведаюць шляху Гасподняга, закону Бога свайго.
5 Пайду я да знакамітых і пагутару зь імі, бо яны ведаюць шлях Гасподні, закон Бога свайго. Але і яны ўсе паламалі ярмо, парвалі аковы.
6 Затое заб’е іх леў лясны, воўк пустэльны спустошыць іх, барс будзе цікаваць каля гарадоў іхніх: хто выйдзе зь іх, будзе разарваны; бо памножыліся злачынствы іхнія, узмацніліся адступніцтвы іхнія.
7 Як жа Мне дараваць табе за гэта? Сыны твае пакінулі Мяне і прысягаюць тымі, якія — не багі. Я карміў іх дасыта, а яны пералюбы чынілі і натоўпамі хадзілі ў дамы блудніц.
8 Гэта — укормленыя коні: кожны зь іх іржэ на жонку другога.
9 Няўжо Я не пакараю за гэта? кажа Гасподзь; і ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?
10 Падымайцеся на сьцены яго і разбурайце, але не да канца: зьнішчыце зубцы іх, бо яны не Гасподнія;
11 Бо дом Ізраілеў і дом Юдаў зрабілі са Мною вельмі вераломна, кажа Гасподзь:
12 яны зманілі на Госпада і сказалі: «няма Яго, і бяда ня прыйдзе на нас, і мы ня ўбачым ні меча, ні голаду.
13 І прарокі зробяцца ветрам, і слова Гасподняга ў іх няма; над імі самымі няхай гэта будзе».
14 Таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф: за тое, што вы кажаце такія словы, вось, Я зраблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а гэты народ — дровамі, і гэты агонь зжарэ іх.
15 Вось, я прывяду на вас, доме Ізраілеў, народ здалёку, кажа Гасподзь, народ моцны, народ старажытны, народ, мовы якога ты ня ведаеш, і ня будзеш разумець, што ён гаворыць,
16 Калчан яго як адчыненая труна; усе яны — людзі адважныя.
17 І зьядуць яны ўжатак твой і хлеб твой, зьядуць сыноў тваіх і дачок тваіх, зьядуць авечак тваіх і валоў тваіх, зьядуць вінаград твой і смоквы твае; разбураць мечам умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяешся.
18 Але і ў тыя дні, кажа Гасподзь, ня вынішчу вас да канца.
19 І калі вы скажаце: за што Гасподзь Бог наш робіць нам усё гэта? дык адказвай: бо вы пакінулі Мяне і служылі чужым багам у зямлі сваёй, дык будзеце служыць чужым у зямлі ня вашай.
20 Абвясьцеце гэта ў доме Якава і абвясьцеце ў Юдэі, кажучы:
21 І выслухай гэта, народзе дурны і неразумны, у якога ёсьць вочы, а ня бачыць, у якога ёсьць вушы, а ня чуе:
22 Мяне вы ці не баіцеся, кажа Гасподзь, перад Мною ці ня трымціце? Я паклаў пясок, граніцаю мору, вечнаю мяжою, якую не пяройдзе; і хоць хвалі яго імкнуцца, але пераадолець ня могуць; хоць яны бушуюць, але пераступіць яе ня могуць.
23 А ў народа гэтага сэрца буянае і мяцежнае: яны адступілі і пайшлі;
24 і не сказалі ў сэрцы сваім: убаімся Госпада Бога нашага, Які дае нам дождж раньні і позьні ў свой час, захоўвае нам сяміцы, назначаныя пад жніво.
25 Беззаконствы вашыя адвярнулі гэта, і грахі вашыя аддалілі ад вас гэта добрае.
26 Бо сярод народа Майго ёсьць бязбожныя: цікуюць, як лаўцы птушак, прыпадаюць да зямлі, ставяць пасткі і ловяць людзей.
27 Як клетка, напоўненая птушкамі, дамы іх поўныя падману, праз гэта яны і ўзвысіліся і разбагацелі,
28 зрабіліся тоўстыя, тлустыя, пераступілі нават усякую меру ў зьле, не разьбіраюць судовых спраў, спраў сірочых; дабрашчасьцяцца, і справядлівай справе ўбогіх не даюць суду.
29 Няўжо Я не пакараю за гэта? кажа Гасподзь; і ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?
30 Дзівоснае і жудаснае дзеецца ў гэтай зямлі:
31 прарокі прарочаць ілжу, і сьвятары пануюць пры пасрэдніцтве іхнім, і народ Мой любіць гэта. Што ж вы рабіцьмеце пасьля гэтага?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 5 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.