Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 6 Ераміі 6 раздзел

1 Бяжэце, дзеці Веньямінавыя, спасярод Ерусаліма, і ў Тэкое трубеце ў трубу і дайце знак агнём у Бэткарэме, бо з поўначы ідзе бяда і пагібель вялікая.
2 Я зруйную дачку Сіёна, прыгожую і сьпешчаную.
3 Пастухі са статкамі сваімі прыйдуць да яе, раскінуць намёты вакол яе; кожны будзе пасьвіць сваю дзялянку.
4 Рыхтуйце вайну супраць яе; уставайце і пойдзем апоўдні. Гора нам! дзень ужо хіліцца, доўжацца цені вячэрнія.
5 Уставайце, пойдзем і ўначы, і зруйнуем харомы яе!
6 Бо так кажа Гасподзь Саваоф: сячэце дрэвы і рабеце насып супроць Ерусаліма: гэты горад павінен быць пакараны; у ім усялякі прыгнёт.
7 Як крыніца зь сябе вывяргае ваду, так ён точыць ліха зь сябе: чутно ў ім насільле і рабаўніцтва, перад абліччам Маім — заўсёды крыўды і раны.
8 Набярыся розуму, Ерусаліме, каб душа Мая не аддалілася ад цябе, каб Я не зрабіў цябе пусткаю, зямлёй неабжытаю.
9 Так кажа Гасподзь Саваоф: да канца дабяруць рэшту Ізраіля, як вінаград; працуй рукою тваёю, як зборшчык вінаграду, кашы напаўняючы.
10 Да каго гаварыць мне і каго ўгаворваць, каб слухалі? Вось, вуха ў іх неабрэзанае, і яны ня могуць слухаць; вось слова Гасподняе ў іх пасьмешышча: яно няпрыемнае ім.
11 Таму Я перапоўнены лютасьцю Гасподняю, не магу трымаць яе ў сабе; вылью яе на дзяцей на вуліцы і на зборню юнакоў; узятыя будуць муж з жонкаю, пажылы з тым, хто аджыў гады.
12 І дамы іхнія пяройдуць да іншых, гэтак сама і палі і жонкі; бо Я працягну руку Маю на насельнікаў гэтай зямлі, кажа Гасподзь.
13 Бо ад малога да вялікага, кожны зь іх аддадзены карысьлівасьці, і ад прарока да сьвятара — усе дзеюць ілжыва;
14 Лечаць раны народа Майго легкадумна, кажучы: «Мір! мір!», а міру няма.
15 Ці саромеюцца яны, робячы гнюсоты? Не, зусім не саромеюцца і не чырванеюць. Затое загінуць сярод пагіблых, і ў часіну наведаньня Майго будуць пабітыя, кажа Гасподзь.
16 Так кажа Гасподзь: спынецеся на шляхах вашых і разгледзьце, і распытайце пра шляхі старажытных, дзе шлях добры, і ідзеце па ім, і знойдзеце спакой душам вашым. Але яны сказалі: «ня пойдзем».
17 І паставіў я варту над вамі, сказаўшы: слухайцеся гуку трубы. Але яны сказалі: «ня будзем слухацца».
18 Дык вось, слухайце, народы, і ведай, зборня, што зь імі будзе.
19 Слухай, зямля: вось, я прывяду на народ гэты пагібель, плод помыслаў іхніх; бо яны слоў Маіх ня слухалі і закон Мой адкінулі.
20 Навошта Мне ладан, які ідзе з Савы, і пахучы трысьнёг з далёкай краіны? Цэласпаленьні вашыя недагодныя, і ахвяры вашыя няпрыемныя Мне.
21 Таму так кажа Гасподзь: вось, я кладу перад народам гэтым спатыкі, і спатыкнуцца на іх бацькі і дзеці разам, сусед і сябар ягоны, і загінуць.
22 Так кажа Гасподзь: вось, ідзе народ з краіны паўночнай, і народ вялікі падымаецца ад краёў зямлі;
23 трымаюць у руках лук і дзіду; яны жорсткія і неміласэрныя, голас у іх шуміць, як мора, і ляцяць на конях, выстраеныя, як адзін чалавек, каб цябе зваяваць, дачка Сіёна.
24 Мы пачулі вестку пра іх, і рукі ў нас апусьціліся, скруха агарнула нас, пакуты, як жанчыну ў родах.
25 Ня выходзьце ў поле і не хадзеце па дарозе, бо меч непрыяцеляў, жах з усіх бакоў.
26 Дачка народу майго! аперажы сябе вярэтаю і пасып сябе попелам; смуткуй, як бы па сьмерці адзінага сына, — горка плач; бо зьнянацку прыйдзе на нас загубца.
27 Вежаю паставіў Я цябе сярод народу Майго, слупам, каб ты ведаў і пільнаваў шлях іхні.
28 Усе яны — упартыя адступнікі, жывуць паклёпам; гэта — медзь і жалеза, — усе яны разбэшчваюць.
29 Паддзімальны мех абгарэў, сьвінец сатлеў ад агню: гутнік плавіў дарма, бо ліхія не аддзяліліся;
30 адкінутым срэбрам назавуць іх, бо Гасподзь адкінуў іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 6 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.