Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 28 Ераміі 28 раздзел

1 У той самы год, — на пачатку цараваньня Сэдэкіі, цара Юдэйскага, — у чацьвёрты год, у пяты месяц, Ананія, сын Азураў, прарок з Гаваона, казаў мне ў доме Гасподнім на вачах у сьвятароў і ўсяго народа і сказаў:
2 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў; паламаю ярмо цара Вавілонскага;
3 праз два гады я вярну на месца гэтае ўвесь посуд дома Гасподняга, якія Навухаданосар, цар Вавілонскі, узяў з гэтага месца і перанёс іх у Вавілон;
4 І Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і ўсіх палонных Юдэяў, якія прыйшлі ў Вавілон, Я вярну на месца гэтае, кажа Гасподзь; бо паламаю ярмо цара Вавілонскага.
5 І сказаў Ерамія прарок прароку Ананіі на вачах у сьвятароў і на вачах ва ўсяго народа, што стаялі ў доме Гасподнім, —
6 і сказаў Ерамія прарок: хай будзе так, як учыніць гэта Гасподзь! хай спраўдзіць Гасподзь словы твае, якія ты сказаў пра вяртаньне з Вавілона посуду дома Гасподняга і ўсіх палонных на месца гэта!
7 Толькі выслухай слова гэтае, якое я скажу ўголас табе і ў голас усяму народу:
8 прарокі, якія здавён былі да мяне і да цябе, прадказвалі многім землям і вялікім царствам вайну і бедства і паморак.
9 Калі які прарок прадказваў мір, дык тады толькі ён прызнаваны быў за прарока, якога сапраўды паслаў Гасподзь, калі збывалася слова таго прарока.
10 Тады прарок Ананія ўзяў ярмо з шыі Ераміі прарока і паламаў яго.
11 І сказаў Ананія на вачах усяго народа гэтыя словы: «так паламаю ярмо Навухаданосара, цара Вавілонскага, праз два гады, зьняўшы яго з шыі ўсіх народаў». І пайшоў Ерамія сваёй дарогай.
12 І было слова Гасподняе Ераміі пасьля таго, як прарок Ананія паламаў ярмо на шыі прарока Ераміі:
13 ідзі і скажы Ананію: так кажа Гасподзь: ты паламаў ярмо драўлянае — і зробіш замест яго ярмо жалезнае.
14 Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: жалезнае ярмо накладу на шыю ўсіх гэтых народаў, каб яны працавалі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і яны будуць служыць яму, і нават зьвяроў польных Я аддам яму.
15 І сказаў прарок Ерамія прароку Ананію: паслухай, Ананія: Гасподзь цябе не пасылаў, і ты абнадзейваеш народ гэты фальшыва.
16 Пасьля гэтага так кажа Гасподзь: вось, Я скіну цябе з улоньня зямлі; у гэтым самым годзе ты памрэш, бо ты гаворыш насуперак Госпаду.
17 І памёр прарок Ананія ў тым самым годзе, на сёмым месяцы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 28 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.