Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Езэкііля 6 Езэкііля 6 раздзел

1 І было мне слова Гасподняе:
2 сыне чалавечы! зьвярні аблічча тваё да гарадоў Ізраілевых і прарочы на іх,
3 і скажы: горы Ізраілевыя! слухайце слова Госпада Бога. Так кажа Гасподзь Бог горам і пагоркам, далінам і лагчынам: вось, Я навяду на вас меч, і разбуру вышыні вашыя;
4 і ахвярнікі вашыя будуць спустошаны, слупы вашыя ў гонар сонца будуць разьбіты, і кіну забітых вашых перад ідаламі вашымі;
5 і пакладу сыноў Ізраілевых перад ідаламі іхнімі, і рассыплю косткі вашыя вакол ахвярнікаў вашых.
6 Ва ўсіх мясьцінах вашага жыхарства гарады будуць спустошаны і вышыні разбураны дзеля таго, каб спустошаны і разбураны былі ахвярнікі вашыя, каб струшчаны і зьнішчаны былі ідалы вашыя, і разьбіты сонечныя слупы вашыя, і згладзіліся ўтворы вашыя.
7 І будуць падаць сярод вас забітыя, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
8 Але Я ашчаджу рэшту, так што будуць у вас сярод народаў ацалелыя ад меча, калі вы будзеце расьсеяны па землях.
9 І згадаюць мяне ацалелыя вашыя сярод народаў, куды будзеце зьведзены ў няволю, калі Я прывяду ў скруху распуснае сэрца іхняе, адпалае ад Мяне, і вочы іх, якія блудзілі сьледам за ідалам; і яны да саміх сябе адчуюць агіду за тое ліха, якое яны ўчынялі ва ўсіх гнюсотах сваіх;
10 і ўведаюць, што Я — Гасподзь; нездарма казаў Я, што навяду на іх такое бедства.
11 Так кажа Гасподзь Бог: плясьні рукамі тваімі і тупні нагою тваёю, і скажы: гора за ўсе агідныя зладзействы дому Ізраілевага! загінуць яны ад меча, голаду і згубнай пошасьці.
12 Хто далёка, той памрэ ад згубнай пошасьці; а хто блізка, той загіне ад меча; а хто застанецца і ацалее, памрэ ад голаду; так зьдзейсьню над ім гнеў Мой.
13 І ўведаеце, што Я — Гасподзь, калі забітыя будуць ляжаць паміж ідаламі сваімі вакол ахвярнікаў іхніх, на кожным высокім пагорку, на ўсіх вяршынях гор, і пад кожным зялёным дрэвам, і пад кожным галінастым дубам, і на тым месцы, дзе яны прыносілі духмяныя пахошчы ўсім ідалам сваім.
14 І працягну на іх руку Маю і зраблю зямлю пустыняю і стэпам, ад пустыні Дыўлат, ва ўсіх мясьцінах іхняга жыхарства, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Езэкііля, 6 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.