Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Езэкііля 28 Езэкііля 28 раздзел

1 І было мне слова Гасподняе:
2 сыне чалавечы! скажы начальніку ў Тыры: так кажа Гасподзь Бог: за тое, што ўзьнеслася сэрца тваё і ты кажаш: «я бог, сяджу на пасадзе божым, у сэрцы мораў», і, як што ты чалавек, а ня Бог, ставіш розум твой нароўні з розумам Божым,
3 і вось, ты мудрэйшы за Данііла, няма таямніцы, схаванай ад цябе;
4 тваёй мудрасьцю і тваім розумам ты здабыў сабе багацьце і ў свае скарбніцы сабраў золата і срэбра;
5 вялікай тваёй мудрасьцю, шляхам твайго гандлю, ты памножыў сваё багацьце, і твой розум заганарыўся тваім багацьцем,
6 за тое так кажа Гасподзь Бог: як што ты свой розум ставіш нароўні з розумам Божым,
7 вось, Я навяду на цябе іншаземцаў, самых лютых з народаў, і яны аголяць свае мечы супроць красы тваёй мудрасьці і запамрочаць твой бляск;
8 зьвядуць цябе ў магілу, і памрэш у сэрцы мораў сьмерцю забітых.
9 Ці скажаш тады перад тваім забойцам: «я бог», тым часам як у руцэ ў таго, хто цябе пабівае, ты будзеш чалавек, а ня бог?
10 Ты памрэш ад рукі іншаземцаў сьмерцю неабрэзаных; бо я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
11 І было мне слова Гасподняе:
12 сыне чалавечы! плач па цары Тырскім і скажы яму: так кажа Гасподзь Бог: ты пячатка дасканаласьці, паўната мудрасьці і вянок прыгажосьці.
13 Ты быў у Эдэме, у садзе Божым; твая вопратка была ўпрыгожана рознымі каштоўнымі камянямі; рубін, тапаз і алмаз, хрызаліт, анікс, ясьпіс, сапфір, карбункул і смарагд і золата, усё па-майстэрску пасаджанае ў цябе ў гнязьдзечках і нанізанае на цябе, прыгатавана было ў дзень твайго стварэньня.
14 Ты быў памазаны херувім, каб асяняць, і Я паставіў цябе на тое; ты быў на сьвятой гары Божай, хадзіў сярод агнявых камянёў.
15 Ты беззаганны быў на шляхах тваіх з дня твайго стварэньня, пакуль не знайшлося ў табе пахібы.
16 Ад пашыранасьці гандлю твайго сярэдзіна твая напоўнілася няпраўдаю, і ты зграшыў; і Я скінуў цябе, як нячыстага, з гары Божай, выгнаў цябе, херувіме асяняльны, з асяродзьдзя агністых камянёў.
17 Ад прыгажосьці тваёй заганарылася сэрца тваё, ад славалюбства твайго загубіў сваю мудрасьць; за тое Я скіну цябе на зямлю, перад царамі аддам цябе на ганьбу.
18 Мноствам пахібаў тваіх у няправедным тваім гандлі ты апаганіў свае сьвятыні; і Я дастану спасярод цябе агонь, які і зжарэ цябе: і Я ператвару цябе ў попел на зямлі перад вачыма ўсіх, хто цябе бачыць.
19 Усе, хто ведаў цябе сярод народаў, дзіву дадуцца зь цябе; ты зробішся жахам, і ня будзе цябе вавекі.
20 І было мне слова Гасподняе:
21 сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да Сідона і вымаві на яго прароцтва,
22 і скажы: вось, Я на цябе, Сідоне, і праслаўлюся сярод цябе, і ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі ўчыню суд над ім і яўлю ў ім сьвятасьць Маю;
23 і пашлю на яго згубную пошасьць і праліцьцё крыві на вуліцы яго, і ўпадуць сярод яго забітыя мечам, які пажырацьме яго адусюль; і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
24 І ня будзе ён больш дому Ізраілеваму калючым цернем і болепрычынным ваўчком, больш за ўсіх суседзяў зласьлівым да яго, і ўведаюць, што Я — Гасподзь Бог.
25 Так кажа Гасподзь Бог: калі я зьбяру дом Ізраілеў з народаў, сярод якіх яны расьсеяныя, і аб’яўлю сярод іх сьвятасьць Маю перад вачыма плямёнаў, і яны будуць жыць на сваёй зямлі, якую Я даў рабу Майму Якаву;
26 тады яны будуць жыць на ёй ў бясьпецы і пабудуюць дамы, і насадзяць вінаграднікі і жыцьмуць у бясьпецы, бо Я ўчыню суд над усімі зласьліўцамі іхнімі і вакол іх, і ўведаюць, што Я — Гасподзь Бог іхні.

Зноскі:

2 У друкаванай версіі «я чалавек», аднак правільна — «ты чалавек».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Езэкііля, 28 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.