Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Данііла 10 Данііла 10 раздзел

1 У трэці год Кіра, цара Персідскага, было абвешчана слова Даніілу, які называўся імем Валтасар; і ў слове гэтым была ісьціна і вялікая сіла. Ён зразумеў гэтае адкрыцьцё і зразумеў гэтую ўяву.
2 У тыя дні я, Данііл, быў у жалобе тры тыдні часу.
3 Смачнага хлеба я ня еў; мяса і віно не ўваходзілі ў вусны мае, і масьцямі я не намашчваў сябе да завяршэньня трох тыдняў часу.
4 А на дваццаць чацьвёрты дзень першага месяца быў я на беразе вялікай ракі Тыгра
5 і ўзьвёў вочы свае і ўбачыў: вось, адзін чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, і сьцёгны яго перапяразаны золатам з Уфаза.
6 Цела яго — як тапаз, твар яго — як выгляд маланкі; вочы яго — як запаленыя сьвяцільні, рукі яго і ногі яго з выгляду — як бліскучая медзь, і голас слоў ягоных — як голас мноства людзей.
7 І толькі адзін я, Данііл, бачыў гэтую ўяву, а людзі, якія былі са мною, ня бачылі гэтае ўявы; але моцны страх напаў на іх, і яны паўцякалі хавацца
8 і застаўся я адзін і бачыў гэтую вялікую ўяву, але ўва мне не засталося моцы і выгляд твару майго вельмі зьмяніўся, не засталося ўва мне бадзёрасьці.
9 І пачуў я голас ягоных слоў: і як толькі пачуў голас ягоных слоў, самлеў і прыпаў тварам да зямлі.
10 Але вось, дакранулася да мяне рука і паставіла мяне на калені мае і на далоні маіх рук.
11 І сказаў ён мне: «Данііле, муж любасны! пранікні ў словы, якія я скажу табе, і стань проста на ногі твае; бо да цябе я пасланы сёньня». Калі ён казаў мне гэтыя словы, я ўстаў і дрыжаў.
12 Але ён сказаў мне: «ня бойся, Данііле; зь першага дня, як ты прыхіліў сваё сэрца, каб дасягнуць разуменьня і ўпакорыцца перад Богам тваім, словы твае пачуты, і я прыйшоў дзеля слоў тваіх,
13 але князь Персідскага царства стаяў супроць мяне дваццаць адзін дзень; але вось, Міхаіл, адзін зь першых князёў, прыйшоў памагчы мне, і я заставаўся там пры царах Персідскіх.
14 А цяпер я прыйшоў абвясьціць табе, што станецца з народам тваім у апошнія часіны, бо ўява сягае да дзён далёкіх».
15 Калі ён гаварыў мне такія словы, я прынік маім тварам да зямлі і зьнямеў.
16 Але вось, нехта з выгляду падобны да сыноў чалавечых дакрануўся да вуснаў маіх, і я разамкнуў мае вусны, загаварыў і сказаў таму, які стаяў перад мною: «спадару мой! ад гэтай уявы вантробы мае павярнуліся ўва мне і не засталося ўва мне сілы.
17 І як можа гэты раб майго гаспадара гаварыць з гэтым гаспадаром маім, калі ўва мне няма сілы, і дыханьне перахапіла ўва мне».
18 Тады зноў дакрануўся да мяне той, што як чалавечы воблік, і ўмацаваў мяне
19 і сказаў: «ня бойся, муж любасны! мір табе, будзь мужны, будзь мужны!» І калі ён гаварыў са мною, я ўмацаваўся і сказаў: «кажы, спадару мой; бо ты ўмацаваў мяне».
20 І ён сказаў: «ці ведаеш ты, чаго я прыйшоў да цябе? Зараз я вярнуся, каб ваяваць зь Персідскім князем; а калі выйду, дык вось, прыйдзе князь Грэцыі.
21 Рэштаю я абвяшчу табе, што накрэсьлена ў кнізе праўды; і няма нікога, хто падтрымаў бы мяне ў гэтым, акрамя князя нашага Міхаіла.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Данііла, 10 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.