Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

1 Валадароў 11 1 Валадароў 11 раздзел

1 І валадар Салямон кахаў шмат жанчынаў чужынскіх, і дачку фараона, і Мааўлянак, і Аманянак, і Эдомак, і Сідонак, і Хетак,
2 з тых народаў, пра якія ГОСПАД сказаў сынам Ізраіля: «Не ўваходзьце да іх, і яны няхай не ўваходзяць да вас, бо яны прывабяць сэрцы вашыя да багоў іхніх». І да іх прыхіліўся Салямон каханьнем.
3 І меў ён семсот жонак княгіняў і трыста наложніцаў. І жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае.
4 Калі быў ён ужо стары, жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае да багоў чужых, і сэрца ягонае не было аддадзенае ГОСПАДУ, Богу ягонаму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
5 І стаў Салямон хадзіць за Астартай, багіняй Сідонцаў, і за Мількомам, брыдотай Аманянаў.
6 І рабіў Салямон ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і ня быў цалкам з ГОСПАДАМ як Давід, бацька ягоны.
7 І тады пабудаваў Салямон ахвярнік для Кемоша, брыдоты Мааўскай, на гары насупраць Ерусаліму, і для Малек, брыдоты сыноў Амона.
8 І тое самае зрабіў ён усім сваім жонкам чужынкам, палячы кадзіла і складаючы ахвяры багам іхнім.
9 І загневаўся ГОСПАД на Салямона за тое, што ён адвярнуў сэрца сваё ад ГОСПАДА, Бога Ізраіля, Які зьяўляўся яму двойчы
10 і загадаў яму не хадзіць за багамі чужымі. Але ён не захаваў таго, што загадаў ГОСПАД.
11 І сказаў ГОСПАД Салямону: «За тое, што ты [зрабіў] гэтае і не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я загадаў табе, Я, забіраючы, забяру валадараньне ад цябе і аддам яго слузе твайму.
12 У дні твае, аднак, не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго, але з рукі сына твайго забяру яго.
13 І ўсё валадарства не забяру, але адно пакаленьне дам сыну твайму дзеля Давіда, слугі Майго, і дзеля Ерусаліму, які Я выбраў».
14 І паставіў ГОСПАД супраціўніка Салямону, Гадада Эдомца, з насеньня валадароў, якія [былі] ў Эдоме.
15 Калі Давід перамог Эдом, Ёаў, начальнік войска, прыйшоў хаваць забітых і выбіў усіх мужчынаў Эдомскіх,
16 бо быў там Ёаў і ўвесь Ізраіль шэсьць месяцаў, аж пакуль ня выбілі ўсіх мужчынаў у Эдоме.
17 І ўцёк Гадад, ён і Эдомцы, слугі бацькі ягонага, з ім, і зыйшоў у Эгіпет, а Гадад быў яшчэ малым хлопцам.
18 І выйшлі яны з Мадыяну, і прыйшлі ў Паран, і ўзялі з сабою людзей з Парану, і прыйшлі ў Эгіпет да фараона, валадара Эгіпецкага. А ён даў ім дом і харчаваньне і выдзяліў яму зямлю.
19 І знайшоў Гадад вялікую ласку ў вачах фараона, і ён даў Гададу за жонку сястру жонкі сваёй, сястру валадаркі Тахпэнэс.
20 І сястра Тахпэнэс нарадзіла яму Гэнубата, сына ягонага. І Тахпэнэс выгадавала яго ў доме фараона. І быў Гэнубат разам з сынамі фараона ў доме фараона.
21 І пачуў Гадад у Эгіпце, што Давід заснуў з бацькамі сваімі і што памёр Ёаў, начальнік войска, і сказаў Гадад фараону: «Дазволь мне вярнуцца ў зямлю сваю».
22 Фараон сказаў яму: «Ці табе чаго не хапае ў мяне, што ты хочаш ісьці ў зямлю сваю?» Ён адказаў: «Няма [недахопу], але прашу, адпусьці мяне».
23 І паставіў Бог яшчэ супраціўніка [Салямону], Рэзона, сына Эліяды, які ўцёк ад Гададэзэра, валадара Цовы, гаспадара свайго.
24 Ён сабраў да сябе людзей і стаўся правадыром аддзелу. І калі Давід перамог іх, яны пайшлі ў Дамаск, і там жылі, і валадарылі ў Дамаску.
25 І быў ён супраціўнікам Ізраіля ў-ва ўсе дні Салямона. І ненавідзеў ён Ізраіля, як і Гадад, і ён валадарыў у Сірыі.
26 І Ерабаам, сын Навата, Эфрацянін з Цэрэды, маці ягоная мела на імя Цэруя, удава. Гэты слуга Салямона падняў руку на валадара.
27 І вось такая была прычына, што ён падняў руку на валадара. Салямон будаваў Мілло і замураваў вылом [у муры] ў горадзе Давіда, бацькі свайго.
28 А Ерабаам быў ваяр мужны. І бачыў Салямон юнака, што ён выконвае працу, і паставіў яго наглядчыкам над усімі работнікамі з дому Язэпа.
29 І сталася ў той час, што Ерабаам выйшаў з Ерусаліму, і знайшоў яго на шляху прарок Ахія з Шыло. А быў ён апрануты ў новы плашч, і толькі яны адны былі ў полі.
30 І зьняў Ахія новы плашч, які быў на ім, і падзёр яго на дванаццаць частак,
31 і сказаў Ерабааму: «Вазьмі сабе дзесяць частак, бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Вось, Я вырываю валадарства з рукі Салямона і даю табе дзесяць каленаў.
32 І толькі адно калена застанецца яму дзеля слугі Майго, Давіда, і дзеля гораду Ерусаліму, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраіля,
33 бо яны пакінулі Мяне і пакланяліся Астарце, багіні Сідонцаў, і Кемошу, богу Мааву, і Мількому, богу сыноў Амона, і не хадзілі шляхамі Маімі, каб рабіць слушнае ў вачах Маіх, [выконваць] пастановы Мае і прысуды Мае, як Давід, бацька ягоны.
34 Але Я не забяру з рукі ягонай усяго валадарства, бо Я паставіў яго князем у-ва ўсе дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, слугі Майго, якога Я выбраў і які захоўваў прыказаньні Мае і пастановы Мае.
35 І Я забяру валадарства з рукі сына ягонага, і дам табе дзесяць каленаў.
36 А сыну ягонаму Я дам адно калена, каб [заставаўся] сьветач Давіда, слугі Майго, перад абліччам Маім у-ва ўсе дні ў горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе, каб было там імя Маё.
37 А цябе Я ўзяў, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго зажадае душа твая, і будзеш валадаром над Ізраілем.
38 І станецца, калі ты будзеш слухаць усё, што Я загадаю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі, і будзеш рабіць слушнае ў вачах Маіх, захоўваючы пастановы Мае і прыказаньні Мае, як рабіў Давід, слуга Мой, Я буду з табой і пабудую табе дом трывалы, як пабудаваў Давіду, і дам табе Ізраіль.
39 І Я пакараю нашчадкаў Давіда, але не на ўсе дні”».
40 І спрабаваў Салямон забіць Ерабаама, і ўстаў Ерабаам, і ўцёк у Эгіпет да Шышака, валадара Эгіпецкага, і быў у Эгіпце да сьмерці Салямона.
41 А іншыя дзеяньні Салямона, і ўсё, што ён рабіў, і мудрасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў Салямона.
42 І дзён, калі Салямон валадарыў над усім Ізраілем у Ерусаліме [было] сорак гадоў.
43 І супачыў Салямон з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І пачаў валадарыць замест яго Рэхабаам, сын ягоны.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Першая кніга Валадароў, 11 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.