Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Выхад 2 Выхад 2 раздзел

1 І пайшоў чалавек з дому Левія, і ўзяў дачку [з дому] Левія.
2 І зачала тая жанчына, і нарадзіла сына, і бачыла яго, што ён прыгожы, і хавала яго тры месяцы.
3 І не магла даўжэй хаваць яго, і ўзяла кошык з трысьнёгу, і абмазала яго асфальтам і смалою; і палажыла ў яго хлопчыка, і паставіла ў чароце каля берагу ракі.
4 І стаяла сястра ягоная воддаль, каб ведаць, што станецца з ім.
5 І зыйшла дачка фараона мыцца да ракі, а служкі ейныя хадзілі каля ракі. І яна ўбачыла кошык сярод чароту, і паслала служку сваю ўзяць яго.
6 І адчыніла, і ўбачыла яго, гэтае дзіцятка; і вось, хлопчык плача; і пашкадавала яго, і сказала: «Ён з дзяцей Гебрайскіх».
7 І сказала сястра ягоная дачцэ фараона: «Ці не пайсьці мне і ці не паклікаць да цябе жанчыну карміцельку з Гебраек, каб яна выкарміла гэтае дзіцятка».
8 І сказала ёй дачка фараона: «Ідзі». І пайшла дзяўчынка, і паклікала маці дзіцяці.
9 І сказала ёй дачка фараона: «Вазьмі сабе дзіцятка гэтае і выкармі яго для мяне; і я дам табе плату тваю». І ўзяла жанчына дзіцятка, і выкарміла яго.
10 І вырасла дзіця, і яна прывяла яго да дачкі фараона, і ён стаў у яе за сына, і назвала імя ягонае — Майсей, і казала яна: «Бо з вады я выцягнула яго».
11 І сталася ў тыя дні, што вырас Майсей, і выйшаў да братоў сваіх, і ўбачыў цяжкія працы іхнія; і ўбачыў, што Эгіпцянін б’е аднаго Гебрая з братоў ягоных.
12 І павярнуўся ён туды і сюды, і ўбачыў, што нікога няма, і забіў Эгіпцяніна, і схаваў яго ў пяску.
13 І выйшаў ён на наступны дзень, і вось, два Гебраі вадзяцца. І сказаў ён таму, які крыўдзіў: «Навошта ты б’еш бліжняга свайго?»
14 А той сказаў: «Хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзём над намі? Ці ня хочаш ты забіць мяне, як забіў Эгіпцяніна?» І спалохаўся Майсей, і сказаў: «Напэўна, сталася вядомым гэта».
15 І пачуў фараон пра гэтую справу, і шукаў забіць Майсея. І ўцёк Майсей ад фараона, і жыў у зямлі Мадыян. І вось сеў ён каля студні.
16 У сьвятара Мадыянскага было сем дочак. І яны прыйшлі, і начэрпалі вады, і напоўнілі карыты, каб напаіць авечак бацькі свайго.
17 І прыйшлі пастухі, і адагналі іх. І ўстаў Майсей, і дапамог ім, і напаіў авечак іхніх.
18 І прыйшлі яны да Рэўэля, бацькі свайго, і ён сказаў ім: «Чаму вы так хутка прыйшлі сёньня?»
19 Яны сказалі: «Эгіпцянін выратаваў нас ад пастухоў і нават начэрпаў нам вады, і напаіў авечак».
20 Ён сказаў дочкам сваім: «Дзе ж ён? Чаму вы пакінулі чалавека гэтага? Паклічце яго, і няхай ён зьесьць хлеб».
21 І ўпадабаў Майсей жыць у гэтага чалавека, і ён выдаў за Майсея дачку сваю Цыпору.
22 І яна нарадзіла сына, і [Майсей] назваў імя ягонае Гершом, бо ён казаў: «Я стаўся прыхаднем у чужой зямлі».
23 І сталася праз шмат дзён, што памёр валадар Эгіпту. І стагналі сыны Ізраіля ад працаў цяжкіх, і галасілі, і ўзыйшоў да Бога лямант іхні ад працаў цяжкіх.
24 І пачуў Бог стагнаньні іхнія, і ўзгадаў Бог запавет Свой з Абрагамам, Ісаакам і Якубам.
25 І глянуў Бог на сыноў Ізраіля, і даведаўся Бог [пра справы іхнія].
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Выхад, 2 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.